2008-12-23 09:39:27

Калядная сустрэча каля помніка Адаму Міцкевічу ў 210 гадавіну нараджэньня паэта





24 снежня 2008 г., у 210 гадавіну з дня нараджэння славутага беларускага
паэта Адама Міцкевіча, адбудзецца сустрэча духавенства, прадстаўнікоў
дзяржаўнай улады, дыпламатычных місій і вернікаў, каля помніка Адаму
Міцкевічу ў сталічным скверы. А 12 гадзіне ў касцёле святых Сымона і Алены
адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай
архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.


Пасля Эўхарыстыі яе ўдзельнікі накіруюцца ў працэсіі са знічамі да помніка.
Сёлета каля манумента Адаму Міцкевічу студэнты Беларускага дзяржаўнага
інстытута культуры прадставяць тэатральную пастаноўку. Па традыцыі
адбудзецца дэкламацыя вершаў паэта на беларускай, рускай і польскай мовах. З
прамоваю выступяць прадстаўнікі мясцовых уладаў і дыпламатычных місій.
Плануецца, што ў сустрэчы будуць прымаць удзел прадстаўнікі пасольстваў
Польшчы, Чэхіі, Украіны, Літвы, Турцыі і інш.


Біскуп Антоні Дзям’янка правядзе кароткую малітву і асвеціць аплаткі, пасля
чаго будзе магчымасць павіншаваць адно аднаго са святам Божага Нараджэння.


21 снежня моладзь з мястэчка Беняконі (Воранаўскі раён) прывезла ў Мінск
сена, нарыхтаванае з тых палёў, па якіх Адам бегаў у дзяцінстве. Сена было
ўрачыста перададзена ў рукі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Землякам
паэта арцыбіскуп скіраваў сваё духоўнае прывітанне.










All the contents on this site are copyrighted ©.