2008-12-22 13:52:45

Паніхіда пасьля сьмерці выдатных беларускіх сьвятароў, якіх гадавіна адыходу ў неба прыпадала нядаўна


Супрацоўнікі беларускае рэдакцыі Ватыканскага Радыё ( значыць наш невялікі беларускі калектыў) былі прысутнымі на паніхідзе за іхнія душы, якую адслужыў у рымскай Царкве Сьвятога Антонія, пры каледжы “Руссікум” Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў, Архімандрыт Сяргей Гаек, у саслужэньні кіраўніка беларускае праграмы айца Клаўдзія Робінэ ды ераманаха Лявонція, які вычыцца на Усходнім Інстытуце тут у Рыме. Быў таксама прысутны сэмінарыст з грэцкае калегіі ды дачка Марыяна Пецюкевіча, якога ўспаміны з побыту ў Рыме мы чытаем кожнае суботы, Марыя; як таксама прысутнічалі і звычайныя вернікі гэтае Царквы.
Мы усе разам успамянулі 30-ю гадавіну сьмерці монсынёра Пётры Татарыновіча, заснавальніка нашае беларускае праграмы Ватыканскага Радыё, 65-я ўгодкі сьмерці айца Антона Неманцэвіча, езуіта, першага беларускага Экзарха, як таксама ўспомнілі біскупа Чэслава Сіповіча, айца Льва Гарошку ды 12-ю гадавіну сьмерці айца Рабэрта Тамушанскага, які больш за 40 гадоў свайго жыцьця прысьвяціў служэньню Беларускай Царкве і справе беларускасьці.
Ён пахаваны на могілках “Прыма Порта” Вечнага Гораду непадалёк магілы айца Пётры Татарыновіча, які амаль 59-ць гадоў таму назад запачаткаваў беларускую сэкцыю на Ватыканскім Радыё.
На заканчэньне трэба яшчэ сказаць, што вельмі прыгожа сьпяваў хор Царквы Сьвятога Антонія пад кіраўніцтвам айца Людовіка Піхлера








All the contents on this site are copyrighted ©.