2008-12-18 13:10:25

Улады Беларусі прымушаюць каталіцкіх сьвятароў пакінуць краіну


Трое каталіцкіх сьвятароў, грамадзянаў Польшчы, будуць змушаныя выехаць зь Беларусі, паколькі яны не атрымалі дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці на тэрыторыі краіны на наступны год.
Гэта ксяндзы Ян Сканечны з Поразава, Анджэй Краўчык са Слоніма ды Ян Браноўскі зь вёскі Галынка Гарадзенскай вобласьці. Усе яны павінны пакінуць Беларусь да канца году. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі сьвятары, якія маюць іншае, чым беларускае, грамадзянства, не атрымліваюць дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці ў Беларусі. Такія справы пераважна няма сэнсу абскарджваць, бо нават калі падаваць скаргу, яна будзе адхілена дзяржаўнымі ворганамі. Таму цяжка дапамагчы ксяндзам астацца ў Беларусі, хаця многія зь іх шмат гадоў пражываюць у краіне, служаць людзям, якія жадаюць маліцца па-польску – адзначае Марыя Савушкіна з Хрысьціянскага праваабрончага дому.
Палітыка беларускай дзяржавы імкнецца да таго, каб у Беларусі не было замежных сьвятароў. Пра гэта ўлады гавораць адкрыта, але пакуль што не рашаюцца выдаляць усіх замежнікаў адразу, баяцца пратэстаў вернікаў. Прычына выдаленьня духоўных афіцыйна не падаецца, але, як заявіла Марына Цьвілік, кіраўнік аддзелу па справах рэлігій апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, адмова працягнуць дазвол на дзейнасьць матываваная тым, што ксяндзы не валодаюць дзяржаўнымі мовамі краіны.
Намесьнік старшыні Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека адзначае, што выдаленьне ксяндзоў – гэта толькі асобны выпадак, а не антыпольская кампанія.
Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, неўзабаве яшчэ шэраг замежных рымска-каталіцкіх духоўных могуць не атрымаць дазволу на працяг рэлігійнай дзейнасьці.
Закон, які рэгулюе ў краіне рэлігійную дзейнасьць, зьяўляецца рэпрэсіўным, дзяржава не павінна дыктаваць рэлігійнай арганізацыі правілаў дзейнасьці, а вернікі й ерархы павінны актыўна пратэставаць, чаго, на жаль, не адбываецца – заўважае сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
У Беларусі каля 16% жыхароў зьяўляюцца католікамі. Для іх працуе 400 ксяндзоў, амаль палова зь якіх – іншаземцы, у тым ліку звыш 90 чалавек – грамадзяне Польшчы.







All the contents on this site are copyrighted ©.