2008-12-12 11:21:57

Мітрапаліт Кандрусевіч выступіць з дакладам на экумэнічным форуме ў Італіі


11 снежня 2008 г., у Трэнта (Італія) распачаўся каталіцка-праваслаўны форум, удзельнікі якога на працягу чатырох дзён будуць разважаць над тэмай «Сям’я — дабро чалавецтва». Каталіцкі Касцёл у Беларусі на форуме прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У межах форума арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіць з дакладам на тэму «Сям’я: культурныя змены і змены ў менталітэце. Пошук праблем», у якім ён праз прызму розных аспектаў — культура, рэлігія і іншае — ахарактарызуе стан сучаснай сям’і. У сваім дакладзе Мітрапаліт, між іншым, падкрэслівае, што адной з самых небяспечных праблемаў сучаснай сям’і з’яўляецца яе нетрываласць.
«Развіццё цывілізацыі вядзе да дэфармацыі традыцыйнага стылю жыцця і адпаведна — сям’і. (...) На жаль, сучасны чалавек, шукаючы абсалютную свабоду, а вельмі часта і амаральны стыль жыцця, губляе пачуццё адказнасці. Сродкі масавай камунікацыі сталі новай мадэллю адукацыі маладога пакалення. У выніку, сучасная моладзь атрымлівае веды дзякуючы тэлебачанню і так званай масавай культуры. Такім чынам, у сучасным грамадстве назіраецца страта суседскіх і сяброўскіх адносінаў паміж сем’ямі — кожны імкнецца да прыватнай свабоды. Сем’і жывуць у адным і тым жа доме, на адным і тым жа паверсе, пад адным дахам, але не ведаюць адно аднаго», — піша Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Як падкрэслівае арцыбіскуп, «самая трагічная праблема сучаснай сям’і — гэта страта веры, адмаўленне ад хрысціянаскіх каранёў і традыцый, а таксама недахоп у бацькоў адказнасці, якую яны нясуць за маральнае выхаванне сваіх дзяцей. Гэта — сапраўдная трагедыя».
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказвае надзею, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква аб’яднаюць свае сілы, каб разам адказваць на выклікі сучаснага свету і будаваць «грамадства любові і жыцця».








All the contents on this site are copyrighted ©.