Пастырскае пасланьне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2008 году ( 1 частка)
1. Прадстаўнікі аднаго з афрыканскiх плямёнаў вельмi часта моляцца наступнымi словамi:
«Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». На пытанне, што азначае гэтая малiтва, яны адказваюць,
што такiм чынам моляць Найвышэйшую Iстоту, каб паслала iм чалавека, якi вывеў бы iх
на сапраўдную дарогу, дапамагаў бедным, быў лiтасцiвым да дзяцей, лячыў хворых, узмацняў
iх, адарыў супакоем i дабрабытам. Гэтая малiтва язычнiкаў вельмi сугучная духу таго
лiтургiчнага перыяду, які мы сёння раcпачынаем, — перыяду Адвэнту, часу чакання прыйсця
Збаўцы.
2. «Ойча наш, спашлi нам сваё Слова». Гэтая афрыканская малiтва
нагадвае нам пра прыйсце таго, каго так доўга чакала чалавецтва, — Богачалавека Езуса
Хрыста. Аднак па сваёй сутнасцi Адвэнт не можа быць толькi ўспамінам пра падзеі, якія
адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму. Ён павінен стаць часам глыбокага ўсведамлення
і перажывання гэтай праўды. Адвэнт павінен стаць благаслаўлёным часам, калі мы нібы
нанава будзем перажываць тыя доўгiя тысячагоддзi, на працягу якіх чалавецтва чакала
Слова Божае, каб Яно сталася целам i жыло памiж нас; Слова, якое вядзе на добрую дарогу
i прыносiць сапраўдны супакой. Чаканне, аднак, не можа праходзіць у дрымоце цi ў сне.
Чаканне павінна быць чуваннем.
3. Не да сну, але да чування i тугі па Богу,
які ёсць нашым Айцом, заклiкае нас у Адвэнце Касцёл. У гэты час ён прапануе нам разважаць
над словамі прарока Iсаi, якога называюць евангелiстам Старога Запавету, бо ён прадказаў
прыйсце Сына Божага (пар. Iс 40, 3–5). У Евангеллі Езус заклiкае нас чуваць і быць
гатовымі да Ягонага прыйсця (пар. Мк 13, 32–37), і Касцёл вуснамi святога Яна Хрысцiцеля
заахвочвае нас падрыхтаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць (пар. Мк 1, 3). Гэта азначае,
што нам трэба перажываць Адвэнт не пасіўна, але актыўна.
Да дзейснага чування
заклiкае нас i вобраз Марыi, якую Касцёл асаблiва праслаўляе i ўшаноўвае ў перыяд
Адвэнту. Яна з глыбокаю вераю прымае вестку пра тое, што менавiта Яе Бог абраў стаць
Маці Збаўцы. У Яе кароткім станоўчым адказе fiat — «няхай мне станецца паводле твайго
слова» (Лк 1, 38) — праяўляецца Яе гатоўнасць стаць дзейснай удзельніцай вялікіх справаў
Божых. Яна не спiць i не дрэмле, пасіўна чакаючы Збаўцу, але бярэ актыўны ўдзел у
таямніцы Яго прыйсця ў гэты свет. Гэтую праўду асабліва выразна падкрэслiвае кардынал
Ёзаф Ратцынгер — сённяшнi Папа Бэнэдыкт XVI — у сваёй вельмi папулярнай i фундаментальнай
для нашай веры кнiзе «Уводзіны ў хрысцiянства». Ён пiша, што Марыя з’яўляецца вобразам
чакаючага чалавецтва, якое давяраецца дзейнасцi праз дар Божай ласкі і абсалютнай
любові, што дасць яму сэнс і збаўленне (пар. Йозеф Ратцингер. Введение в христианство.
Москва, 2006, с. 232).
Ужо блiзкае Божае Нараджэнне, блiзкі Бог i блiзкая
нашая вечнасць. Таму мы не маем права спаць i пасіўна чакаць. Трэба чуваць i рыхтавацца
сустрэць прыходзячага Пана.
4. Лiтургiя Адвэнту нагадвае нам пра прыйсце
Збаўцы. Найперш пра Яго гiстарычнае прыйсце больш за дваццаць стагоддзяў таму. Потым
— пра Яго прыйсце ў Божым слове, у Эўхарыстыi і ў іншых сакрамэнтах. І нарэшце пра
нашу сустрэчу з Iм у хвіліну завяршэння нашага зямнога жыцця і Яго другое прыйсце
ў хвале ў канцы вякоў.
Кожны чалавек, безумоўна, ведае, што кожны пражыты
дзень наблiжае яго да смерці, да таго моманту, калі Бог пакліча яго з гэтага свету.
Гэта — праўда, пра якую ўсе мы ведаем, але не хочам пра яе гаварыць і нават думаць.
Сучасны чалавек, асабліва малады, імкнецца як мага больш урачыста адсвяткаваць свой
дзень нараджэння ці Новы Год. Аднак пры гэтым ён часцей за ўсё зусiм не задумваецца
над тым, што стаў на год старэйшым, а гэта значыць, што яшчэ на год стаў бліжэй канец
ягонага жыцця. Ён жыве пераважна адною хвiлiнаю i хоча ўзяць ад жыцця як мага больш
у адпаведнасці з лацiнскаю сентэнцыяй carpe diem — «хапай момант». Насамрэч, з кожным
днём усё бліжэй падыходзячы да канца нашага жыцця, мы ўсё больш набліжаемся да Бога,
калi iдзем дарогаю, якую Ён сам нам паказаў.
5. У гэты час падрыхтоўкі
да Божага Нараджэння Касцёл заклiкае нас з усёю адказнасцю і шчырасцю зазірнуць у
нашыя сэрцы, у іх самыя цёмныя закуткi, бо менавіта там тояцца самыя пакрыёмыя нашыя
імкненні. Найперш мы павінны адказаць сабе на шэраг пытанняў. Цi гатовае маё сэрца
прыняць Збаўцу? Цi не скаванае яно грахом, празмернаю прывязанасцю да зямных справаў?
Ці не трапіла маё сэрца ў палон амаральных сувязяў, што з’яўляюцца парушэннем Божага
закону аб чыстасці, ці не знаходзіцца ў залежнасці ад адурманьваючай алкагольнай ці
наркатычнай атруты? Ці не супраціўляецца яно Божай волі ў тым, што датычыцца еднасцi,
адзiнства i непадзельнасцi сям’i як Творцам устаноўленага iнстытуту мужчыны i жанчыны,
ці не шукае апраўдання палавых ненармальнасцяў, забойства ненароджаных дзяцей, пазбаўлення
жыцця праз эўтаназiю невылечна хворых, кланавання чалавечых істотаў для здабыцця «запасных»
органаў? Ці не паддалося сэрца спакусе адмовіцца ад хрысціянскіх каранёў і традыцый,
ці няма ў ім імкнення да бескантрольнай свабоды рабіць, што хочацца, не звяртаючы
ўвагі на Божыя запаведзі? Ці здольнае яно даваць адэкватную маральную ацэнку маіх
паводзінаў? Ці не стала маё сэрца глухім да голасу Пана Бога?
Сёння мы
перажываем вялiкi парадокс. Нават хрысцiяне чамусьці ўсё часцей спрабуюць шукаць мімалётнага
задавальнення ў тым, што ў маральным сэнсе з’яўляецца грахоўным і ў выніку вядзе да
роспачы і згубы. Жыццё многіх людзей нібы пацвярджае справядлівасць прымаўкі пра тое,
што забаронены плод заўжды здаецца салодкім.
І чалавек зноў і зноў дае
сябе ашукаць гэтак жа, як былі ўведзены ў зман першыя людзі — нашыя прабацькі Адам
і Ева.
Вынікам іх непаслухмянасці стала страта раю, а цяжар першароднага
граху лёг на ўсё чалавецтва. На жаль, чалавек часта забываецца пра гэтыя наступствы,
забываецца пра тое, якім горкім у рэшце рэшт аказваецца адыход ад Бога, да чаго вядзе
непаслухмянасць Ягоным запаведзям. Шукаючы недазволенай «слодычы», чалавек робіць
памылковы выбар насуперак маральным нормам, пускае ў сваё сэрца агідную грахоўную
гнілізну, якая ўсё больш i больш запаўняе сучасны свет. Такім чынам ён прычыняецца
да будавання цывiлiзацыі нянавiсцi i смерцi, замест таго, каб будаваць цывiлiзацыю
любовi i жыцця. Замест таго, каб з удзячнасцю прымаць з рук Творцы хлеб жыцця, ён
беспаспяхова спрабуе насычацца гнілізнаю духоўнай смерці і прапануе гэта іншым. Так,
як скамянелыя ў сваiх грахах фарысеi або цар Iрад не змаглi ўбачыць народжанага Збаўцу,
так i глухiя да голасу прыходзячага Пана сэрцы не змогуць сустрэць Яго нават у свята
Божага Нараджэння.