2008-12-04 14:01:11

150 замежнікаў дэпартавана з Беларусі ў мінулым месяцы


150 замежнікаў дэпартавана зь Беларусі за тры дні. Гэта вынікі апэрацыі “Нелегал”, якую ад 19 па 21 лістапада ладзіла Міністэрства ўнутраных справаў сумесна з КДБ ды памежнікамі. У выніку выяўлена больш за 1150 замежных грамадзянаў, якія прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за нелегальнае знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі. Апроч гэтага, пакаралі й 250 грамадзянаў Беларусі, якія таксама парушылі ўнутраныя правілы рэгістрацыі.
Найбольш злосных парушальнікаў, 150 чалавек, дэпартавалі цягам трох сутак. Прычым, як паведамляе МУС, 51 асоба была дэпартаваная пад канвоем.
Цягам апэрацыі былі выяўленыя й парушэньні іншага кшталту. 36 службовых асобаў былі прыцягнутыя да адказнасьці за тое, што неналежным чынам прымалі замежнікаў на працу. У асноўным гэта тычыцца калгасаў ды іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Нацыянальны склад дэпартаваных замежнікаў не паведамляецца.








All the contents on this site are copyrighted ©.