2008-11-27 14:50:50

Жыхары беларуска-літоўскага памежжа змогуць езьдзіць бязь візаў


Надзвычай прыемную навіну для жыхароў памежжа агучыў нядаўна ў Менску Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. Падрыхтаванае да падпісаньня двухбаковае пагадненьне між Беларусьсю й Літвой, паводле якога жыхары памежжа змогуць езьдзіць у суседнюю краіну бязь візаў. Датычыцца гэта людзей, якія жывуць не далей за 50 кілямэтраў ад мяжы. Паводле спадара Багдонаса, пагадненьне будзе падпісанае цягам некалькіх тыдняў.

Размовы пра гэта вяліся ўжо даўно. Бо менавіта беларуска-літоўскае памежжа сталася самым драматычным. Пасьля таго, як Віленскі край аддалі Літве, мяжа прайшла такім чынам, што людзі апынуліся ў адной краіне, а могілкі, дзе пахаваныя іхныя бацькі – у іншай. Раз-пораз у прэсе можна сустрэць кранальныя рэпартажы на тэму памежжа.

Напрыклад, адзін хутар падзялілі такім чынам, што хата апынулася ў Беларусі, а студня – ў Літве. І жыхары вымушаныя па некалькі разоў на дзень парушаць дзяржаўную мяжу, проста ходзячы па ваду! Іншы прыкры выпадак апісала нядаўна газэта “Наша Ніва”: мяжа адзьдзяліла ад людзей палову вёскі, дзе знаходзіцца касьцёл. І зараз, калі пачынаецца імша, у касьцёле адчыняюць дзьверы ды ўключаюць данамікі, а людзі зь Беларусі стаяць за сеткай і моляцца.
Сытуацыя на памежжы сталася й зусім пахмурнай пасьля ўступленьня Літвы ў Эўразьвяз. Многія казалі, што калі нацыянальную літоўскую візу яшчэ можна было паставіць, дык “шэнген” за 60 эўра – непад’ёмны цяжар.

Для ўсіх гэтых людзей падрыхтаванае пагадненьне пра бязьвізавы рэжым – сьвята.








All the contents on this site are copyrighted ©.