2008-11-20 13:38:12

Прымас Францыі крытыкуе працу ў нядзелю


Кардынал Андрэ Вэн-Труа востра раскрытыкаваў працу ў нядзелю. 4 лістапада 2008 г., на адкрыцці асенняга пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Францыі ў Лурдзе, яе старшыня паставіў пытанне аб тым, ці павелічэнне заробку павінна быць мэтай жыцця чалавека.


На яго думку, страты чалавека і грамадства ад працы ў нядзелю непараўнальна большыя за эканамічны прыбытак, які гэта праца можа прынесці. «Перад усім яе вынікам з’яўляецца распад грамадскіх сувязяў, які закране не толькі хрысціянаў», — перасцярог Мітрапаліт Парыжскі. Кардынал нагадаў таксама, што «для вызнаўцаў Хрыста нядзеля — гэта перш за ўсё дзень Пана і час, які трэба прысвяціць сям’і».


Арцыбіскуп Андрэ Вэн-Труа падагульніў вераснёвы візіт Бэнэдыкта XVI у Францыю, прызнаючы яго паспяховым. Кардынал выказаў таксама сваё меркаванне адносна эканамічнага крызісу, падкрэсліўшы, што «хоць Касцёл і не з’яўляецца кампетэнтным у гэтай сферы, ён павінен казаць пра звязаныя з гэтым маральныя выклікі».


Падчас пленарнага пасяджэння епіскапат Францыі павінен вынесці на абмеркаванне пытанні, звязаныя з праектам новага заканадаўства ў галіне біяэтыкі, пытанне прысутнасці Касцёла на публічным абмеркаванні ва ўсё больш рэлігійна абыякавым грамадстве, а таксама пытанне ўтрымання касцёлаў.










All the contents on this site are copyrighted ©.