2008-11-19 13:37:24

Арцыбіскуп Равасі: Эўропа- як сухі ствол, які страціў сувязь з хрысьціянскімі каранямі


Галоўнай культурнай праблемай сучасных еўрапейцаў з’яўляецца іх абыякавасць да хрысціянскай культуры, — лічыць старшыня Папскай рады па культуры арцыбіскуп Джанфранко Равасі.

«Нягледзячы на свае хрысціянскія карані, Еўропа сёння стала як сухі ствол», — адзначыў старшыня ватыканскага ведамства 13 лістапада 2008 г. падчас лекцыі ў маскоўскім культурным цэнтры «Духоўная бібліятэка».

Па словах арцыбіскупа Джанфранко Равасі, сучасныя еўрапейцы — гэта людзі, у якіх адсутнічае ідэнтычнасць: «Мы страцілі вялікі кодэкс нашай культуры — Біблію, якая была асноўнай мерай для мастацтва і для творчасці ў цэлым».

На думку старшыні Папскай рады, напружаныя і хуткія тэмпы жыцця сучаснага свету вядуць грамадства да страты гістарычнай памяці і традыцыі, у выніку чаго адбываецца паступовае знішчэнне, выпустошванне культуры — «яна не разбураецца як будынак, а спустошваецца ў самой сваёй сутнасці».

Арцыбіскуп Джанфранко Равасі ў якасці прыкладу прывёў алегарычнае палатно аднаго з сучасных мастакоў, на якім знакамітыя еўрапейскія саборы, самыя высокія помнікі архітэктуры, намаляваны ў выглядзе ракавін на беразе мора, міма якіх праходзяць толькі японскія турысты.

Як адзначыў арцыбіскуп, сёння рэлігійная сфера набывае ў Еўропе ўсё больш маргінальны характар, людзі «прызвычайваюцца да спакойнага жыцця без вялікіх пытанняў пра Бога». Ім дастаткова духоўных сурагатаў накшталт ёгі — «ёгурта духоўнасці і матэрыяльнасці, фітнэса для душы».

«Бог становіцца другарадным паняццем. „Галоўнае, каб Ён не ўмешваўся ў мае паўсядзённыя справы“, — такая абыякавасць ляжыць у аснове сучаснага секулярызму, і такі светапогляд найбольш драматычны з пункту гледжання хрысціянскай культуры», — адзначыў старшыня ватыканскага ведамства.








All the contents on this site are copyrighted ©.