2008-11-17 13:58:46

65-я гадавіна сьмерці Экзарха Антона Неманцэвіча- заканчэньне


Але папрацаваць на карысьць Богу і еднасьці Цэркваў на Бацькаўшчыне сьвятару давялося толькі ў 1929 годзе, амаль праз дзесяць год пасьля напісаньня згаданага ліста. Перад гэтым а. Антон пасьпеў двойчы (у 1919 і 1921) пабываць у савецкім астрозе за “занадта актыўную рэлігійную дзейнасьць”. Быў ён сярод вязьняў, якімі абмянялася бальшавіцкая Расія з Польшчай, а пасьля па накіраваньню мітрапаліта Эдварда Ропа (1851-1939) выехаў на вучобу ў Рым ў Папскі Усходні Інстытут і вярнуўся ў Польшчу доктарам усходніх царкоўных навук, абараніўшы дысертацыю, прысьвечаную выхаваньню моладзі ў бальшавіцкай Расеі.
Увосень 1929-га, пасьля года выкладчыцкай працы ў Любліне ў Каталіцкім Унівэрсітэце і Місійным Інстытуце (1928/1929 г.), а. Антон вярнуўся на сваю Айчыну ў прыгарад Слоніма, Альбярцін, дзе паступіў у навіцыят айцоў езуітаў усходняга абраду. Будучы ўжо трыццацішасьцігадовым сьвятаром, з дастаткова багатым досьведам, два гады ён прабыў разам з маладымі калегамі ў навіцыяце, дзе вучыўся ў пакоры манаскаму жыцьцю і езуіцкай духоўнасьці.
III. Да Злучэньня
Словы Да Злучэньня можна лічыць своеасаблівым дэвізам айца Антона Неманцэвіча. Менавіта гэтыя два словы беларускі сьвятар зрабіў назовам рэдагаванага ім рэлігійнага часопіса, які ён пачаў выпускаць з 1932 года ў Альбярціне. Ён быў сапраўдным рыцарам прымірэньня і аб’яднаньня Цэркваў, людзей, беларускага народу. Яму балела раз’яднанасьць Царквы Хрыстовае, а разам з царкоўнай і раз’яднанасьць народная. Гэтыя дзьве драмы, і царкоўны, і нацыянальны падзел, айцец Антон глыбока перажываў і заклікаў ад імя рэдакцыі заснаванага ім часопіса: “да злучэньня … ўсіх Беларусаў, сыноў, дачок аднае нашае Бацькаўшчыны, разьбітых на часткі ў найбольш чуткім мейсцы свае душы, у сазнаньні свае рэлігійнае прыналежнасьці”. Айцец Антон ўважаў, што еднасьць грамадзкая наступіць у беларусаў, калі яны будуць адзінымі рэлігійна.
Але ён не імкнуўся прывесьці кагосьці да гэтае жаданае еднасьці праз фізічнае ці маральнае насільле, бо глыбока паважаў годнасьць чалавека, а значыць, свабоду ягонай волі, права выбару, вернасьць уласнаму сумленьню. Падставаю для еднасьці хрысьціянаў была для яго толькі супольная любоў.
Гэта не былі словы, пушчаныя на ўзьвей вецер. У штодзённых адносінах айцец Антон ажыцьцяўляў гэтыя свае прынцыпы. Падцьвердзіць гэта можна хаця б тым фактам, што на пачатку вайны ён дапамагаў сьвятару праваслаўнага прыхода ў суседняй да Альбярціна вёсцы Чапялёва адпраўляць пахавальныя абрады ў тых мясцінах, куды не меў змогі даехаць той сьвятар. Не пакідаў ён і людзей, закінутых у цяжкія акалічнасьці жыцьця. Падчас першых месяцаў нямецкай акупацыі ён наведваў лягеры ваеннапалонных савецкіх салдатаў у ваколіцах Слоніма, нават тады, калі там лютавала эпідэмія тыфу, а ягоны таварыш у гэтых візітах айцец Ян Гермацюк, заразіўшыся, памёр.
Іншым, недасьледваным асьпектам духоўнага служэньня Альбярцінскай Місіі Езуітаў, у тым ліку і а. Антона Неманцэвіча, ёсьць дапамога, якую Місія несла перасьледаваным яўрэям.
IV. „Служыць Богу, а не Ім паслугоўвацца”
Крытыкі унійнае акцыі абвінавачвалі яе то ў апалячваньні беларускага народу праз лацінізацыю (як некаторыя непрыяцелі нэа-уніі з праваслаўнага асяродзьдзя), то ў русіфікацыі беларускага народу (як некаторыя абаронцы польскасьці “крэсаў усходніх”). Адказам ім было сьцьвярджэньне а. Антона Неманцэвіча, што дзеля дасягненьня адной-адзінай іх мэты – злучэньня ў адно ўсіх хрысьціянаў – сьвятары “ўсходне-славянскага абраду выяўляюць сваю гатоўнасьць служыць толькі Богу і дзеля Бога”.
Айцец Антон зусім цураўся палітыкі. Ня знойдзем ніводнага ягонага выказваньня, якое можна было б трактаваць як палітычнае. У міжваенны час у Заходняй Беларусі шмат беларускіх сьвятароў актыўна ўдзельнічалі ў палітычнай дзейнасьці. Нават пасьля афіцыйнай забароны каталіцкім сьвятарам удзельнічаць у палітыцы, некаторыя з іх падтрымлівалі актыўныя кантакты з беларускімі палітычнымі дзеячамі. Айцец Антон не ангажаваўся ні ў якія палітычныя групоўкі.
Ад справы свайго жыцьця – еднасьці Цэркваў – ён чакаў толькі добрых пладоў менавіта таго, што “цяперашняя Унія не мае на мэце якіхсьці карысьцяў палітычных, а толькі рэлігійныя -- аб’яднаньне хрысьціян” . Гэтае сьцьверджаньне вынікала са словаў, якія можна лічыць жыцьцёвым прынцыпам А. Неманцэвіча: “Наш абавязак адносна Бога – Яму служыць, а не Ім паслугоўвацца”.
Нават калі ён у сваім часопісе закранаў палітычную тэму, то ацэньваў яе з пункту погляду рэлігійнага і маральнага. Напрыклад, калі ён пісаў артыкулы пра бязбожны камунізм, то ганіў менавіта спробы зладзіць грамадзкае жыцьцё бяз Бога, зьнішчэньне Царквы Хрыстовай і масавае праліцьцё крыві бальшавікамі. З другога боку, насьледуючы Папу Пія ХІ, таксама ня мог не лічыць нацызм “неакелзаным расавым вар’яцтвам”.
Чужой для а. Антона была таксама нацыянальная абмежаванасьць. У першай палове дваццатых гадоў ХХ стагоддзя ён у маскоўскім касьцёле сьвятых Пятра і Паўла служыў польскай моладзі, якая ў тыя часы гуртавалася каля гэтага вогнішча рэлігійнасьці і за гэта быў арыштаваны бальшавікамі. У другой палове трыццатых гадоў ён выязджаў для працы на ўкраінскія парафіі на Валыні.
Найбольш блізкай, аднак, была для яго праца для беларусаў і па-беларуску. Акрамя беларускамоўнага часопіса “Да злучэньня”, які 1936 г. быў забаронены польскімі ўладамі, айцец Антон закладаў рэлігійныя гурткі для дзетак-беларусаў, праца ў якіх праходзіла па-беларуску. Ужо як Экзарх (на пасаду экзарха для беларускіх грэка-католікаў ён быў прызначаны мітрапалітам Андрэям Шаптыцкім 17 верасьня 1940 г.) заснаваў “Апостальства малітвы за Беларусь”.
Глыбокі аналіз народнага быту спарадзіў у а. Антона наступную горкую выснову: “Найбольшы наш вораг, браты Беларусы, мусім сказаць праўду, гэта адсутнасьць сьведамасьці народнай у саміх Беларусаў”. Блытаньне рэлігіі з нацыянальнасьцю востра атакавалася на старонках “Да злучэньня”: “Хай жа Беларус ведае, што няма ані польскай, ані рускай веры. Хай не мяшае народнасьці з рэлігіяй. Ці Беларус праваслаўны, ці каталік, ён заўсёды Беларус”. Гэтыя словы паказваюць, што а. Антон стараўся быць душпастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчыньнікаў, незалежна ад веравызнаньня.
V. “Царква – наш вораг”
Асаблівае сьведчаньне вернасьці Евангельлю прыйшло Экзарху Антону скласьці падчас нямецкае акупацыі Беларусі. Ён актыўна працаваў тады як пастыр, пашыраючы навучаньне пра свой ідэал – зьяднаную Царкву. Айцец Леў Гарошка ў сваіх успамінах сведчыць, што айца Неманцэвіча неаднаразова папярэджвалі, каб быў ён больш абачлівы, бо ягоная актыўнасьць не падабаецца нямецкім акупацыйным уладам.
Ускосным доказам таго, што арышт “Экзарха грэка-уніяцкай Царквы у Беларусі” (Exarch der griechisch-unierten Kirche in Weißruthenien) у жніўні 1942 года быў спрычынены ягонай дзейнасьцю, як каталіцкага пастыра, зьяўляюцца словы шэфа менскага СД Эдварда Штраўха, якія ён сказаў 10 красавіка 1943 году, выгалошваючы даклад на нарадзе гэбітскамісараў і начальнікаў аддзелаў генеральнага камісарыяту акупацыйнай акругі Беларусь: „Без сумніву – Царква гэта наш вораг. Натуральна, Царква хоча папоўніць тут свае страты, якія яна зазнала ў Эўропе, а, асабліва ў Райху. Яна мела намер гэта зрабіць праз пранікненьне да праваслаўнае Царквы, акольным шляхам праз Уніяцкую Царкву (...). Умовы для яе былі спрыяльныя, і Рыма-каталіцкая Царква прыйшла сюды зь вялікай колькасьцю прапаведнікаў і не сустрэла вялікіх цяжкасьцяў (...). Таму аднадушна мы вырашылі спыніць тут гэтую Рыма-каталіцкую Царкву (...). Паколькі большасьць духавенства прыняло бок палякаў, мне удалося іх злавіць і скончыць з імі”.
Добра бачна, што для нямецкіх нацысцкіх акупантаў Беларусі душпастырская руплівасьць каталіцкіх сьвятароў абодвух абрадаў, а можа нават у асаблівы спосаб сьвятароў грэка-каталіцкіх (грэка-уніяцкіх), зьяўлялася небясьпечнай. Таму лічылі яны Царкву сваім ворагам. Пакорлівы і руплівы сьведка Евангельля Экзарх Антон Неманцэвіч стаў “пагрозай” для магутнай, антычалавечай нацысцкай сыстэмы.
Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў. Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу “пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы”. Замучаны ў менскай турме СД быў пахаваны 9.01.1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы.







All the contents on this site are copyrighted ©.