2008-11-15 10:17:28

Сьвятое Эвангэльле на ХХХ ІІІ Нядзелю Году


Бо, як чалавек, выязджаючы, паклікаў слуг сваіх і здаў ім маёмасць сваю. І аднаму даў пяць талентаў, другому два, іншаму адзін - кожнаму паводле яго сілы.
Той, што дастаў пяць талентаў, пайшоў пусьціць іх у дзела і прыдбаў другіх пяць талентаў. Так сама і той, што дастаў два таленты, прыдбаў другія два. А той, што дастаў адзін талент, пайшоў і закапаў яго у зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.
Цераз доўгі час прыходзіць гаспадар слуг гэных і патрабуе у іх справаздачы. І, падышоўшы, той, што дастаў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў і кажа: гаспадар! Пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх.
Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі у радасьць гаспадара твайго. Падышоў таксама і той, што быў дастаў два таленты, і сказаў: гаспадар, два таленты ты мне даў, вось другія два таленты я прыдбаў на іх. Гаспадар яго сказаў яму: добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
Падышоў і той, што дастаў адзін талент, і сказаў: гаспадар, я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў; дык, убаяўшыся, пайшоў і схаваў талент твой у зямлю: вось табе тваё.
Гаспадар-жа яго сказаў яму у адказ: благі і ляны слуга! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. Дзеля гэтага належала табе аддаць срэбра маё гандлюючым; і я, прыйшоўшы, дастаў бы сваё з прыбыткам. Дык вазьмеце ў яго талент і дайце маючаму дзесяць талентаў. Бо усякаму маючаму будзе дадзена і прыўмножыцца, а у нямаючага і тое, што мае, узята будзе. А нягоднага слугу кіньце у цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў.

Прыповесць аб талентах у Эвангельлі ад Матэя падобна да прыповесці аб мінах, апаведзенай эвангелістам Лукой. Але у той час, калі прыповесць аб мінах зьвяртаецца больш да бытавой рэальнасці і кладзе націск на маральнае захаванне верніка. Сьвяты Матэй выразна ўзносіцца да рэлігійнай і духоўнай сфэры.
На першы погляд гэта прыповесць аб талентах поўная неадпаведнасьцяў і нават супярэчнасьцяў. Але духоўная рэчаіснасьць, аб якой сьведчыць Эвангеліста, пераўзыходзіць лагічны стрыжань апавяданьня і ўзносіцца над ім сваім звышнатуральным зьместам.
У адрозьненьні ад прыповесці аб мінах, дзе два слугі атрымліваюць за свае заслугі мейсца - ураднікаў. У Матэя, яны стаюцца ўдзельнікамі нечаканага абяцаньня - увайсьці ў радасць свайго гаспадара, і што выразна зазначае - жыцце вечнае. Такім чынам, той хто зьвяртаецца да нас - гэта Сын Чалавечы ў ролі судзьдзі, на апошнім судзе.
І яшчэ... Словы дам табе уладу над многім, маюць на увазе, што гаспадар у прыповесці ёсьць Валадаром неба. Дый вялізная сума ў пяць ці два таленты адпавядае на наш час некалькім сотням тысячаў даляраў, а тады, за часоў Хрыста, была ўвогуле неўяўляльнай для простага чалавека. Езуc называе гэткую колькасьць грошай, толькі як параўнаньне вялізарнае ўзнагароды нябеснай, паабяцанае слугам верным.
Бянтэжыць таксама ў гэтай прыповесці загад гаспадара, каб талент, які слуга закапаў у зямлю, аддалі таму у каго было ужо дзесяць талентаў. Неадпаведнасьць у тым, што па-першае гэты апошні ня быў найлепшым, бо таксама і другі слуга з двума талентамі даў найвялікшую аддачу. А па-другое, здаецца, што першы слуга мае пры сабе дзесяць телентаў, хаця напачатку было сказана, што ён іх вярнуў гаспадару. Дый намёк на пекла - амаль празрысты, калі гаворыцца, аб плачы і скрыгатаньні зубоў .
Усе гэтыя неадпаведнасьці тлумачацца тым, што ў прыповесьці Езуc прагне явіць духоўную рэчаіснасць. І апавядаецца ў ёй аб другім прыходзе Хрыста - як судзьдзі у апошні дзень сьвету.
Як павінны былі зразумець гэтую прыповесць слухачы Хрыстовага казаньня?
Націск у прыповесці кладзецца на вобраз трэцьцяга слугі, які не даў у абарот свой адзіны талент, але закапаў яго у зямлю - гэта быў самы надзейны спосаб, каб уратаваць грошы ад рабаўнікоў. Дык аб чым і аб кім маглі думаць сучаснікі Хрыста, чуючы гэтыя словы? Ці думалі яны аб гэбрайскім народзе ўвогуле, якому шмат што было дадзена, але які не ўжыў свайго таленту, каб здабыць прыбытак? Ці яны думалі аб фарызеях, якія шукалі асабістай пэўнасьці ў скрупулёзным выкананні літары закону, але нібы закопвалі ў зямлю сапраўдную рэлігійнасць, праз сваю зразумелую і эгаістычную самаізаляцыю?
Вядома, што людзі сьледаваўшыя за Хрыстом павінны былі бачыць у слугах з прыповесці - сваіх рэлігійных кіраўнікоў, асабліва знаўцаў Майсеевага Права. Бо сам Езуc, і не адзін раз абвінавачвае гэтых апошніх у тым, што яны перашкаджаюць простаму люду ўдзельнічаць у Божым Дары. І таму Пан непасрэдна да іх зьвяртаецца сваёй прыповесьцю аб талентах. Ім, знаўцам Права, было нададзена найкаштоўнейшая рэч - Слова Божае. Параўнаньне слова Бога са скарбам, які павінен з часам даць новы прыбытак - плён можна знайсьці таксама ў Лісьце Сьвятога Паўла да Цімахвея.
Як і слугі з прыповесьці, знаўцы Закону павінны здаць справу з таго, як яны ужылі дабро, якое ім было даручана: ці яны споўнілі волю Божую, ці - як трэці слуга,- па прычыне свайго эгаізму, яны здушылі Слова Бога, пазбаўляючы яго, тым самым плёну.
Лёгка зразумець, як Царква пачала бачыць у гэтых словах і папярэджаньне у стасунку да сябе.
Перш за усё, яна суадносіла гэтую прыповесць з часам паўторнага прышэсьця Хрыста: вандраваньне гаспадара, як узьнясеньне Яго на неба, а вяртанне Гаспадара - гэта вяртаньне Хрыста напрыканцы часоў, калі Ён адным надасі месыянскую радасьць, а іншых асудзіць на вечную цемрадзь.
А ўся прыповесьць - гэта абвяшчэньне нечаканай раптоўнасьці падыходу апошняга суду, а значыць і пільнай патрэбы сталага чуваньня. І гэтае чуваньне павінна быць актыўным, плённым, дынамічным, бо кожны павінен прынесьці плады, урабляючы дары, атрыманыя ад Бога.
Бог ахвяруе нам, дае пад нашую апёку і адказнасьць своё Слова, каб мы з гэтае скарбу здабылі прыбытак. Гэта значыць неабходна, каб Слова Бога было для нас натхненьнем нашага жыцьця, без агляду і страху. Каб захаваліся мы не як слуга з фальшывай людзкой мудрасьцю, што пахаваў уласны талент: гэта значыць прымусіў замаўчаць Гэтае Слова.
Папярэджаньне, пакінутае нам Хрыстом, захоўвае усю сваю моц дагэтуль.







All the contents on this site are copyrighted ©.