15 лістапада 2008 г. у 19.00 у мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбудзецца
закладка капсулы з прахам Гая Пікарда, вядомага даследчыка гісторыі беларускай
духоўнай музыкі і беларусіста. Святую Імшу будуць канцэлебраваць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Архімандрыт Сяргей Гаек.
Гай Пікарда з’яўляўся нязменным членам журы Міжнароднага
хрысціянскага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Як беларусіст і даследчык
беларускай культуры ён быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Пяру
вялікага прыхільніка беларускай мовы і паэзіі належаць шматлікія артыкулы, прысвечаныя
Францыску Скарыну і сімволіцы ў яго творах, а таксама рэцэнзіі, змешчаныя ў лонданскім
квартальніку «The Byelorussian Studies». Гай Пікарда таксама займаўся выданнем
часопіса пра беларускую культуру «The Byelorussian Chronic». Пры жыцці даследчыка
не была апублікавана галоўная яго праца — зборнік «Залатая Беларусь».
У
сваім запавеце Гай Пікарда выказаў пажаданне быць пахаваным у адной з мінскіх
святыняў.