2008-11-15 10:18:22

Гісторыкі пра Вялікае Княства Літоўскае


12 і 13 лістапада пад патранажам Летувіскага інстытуту мовы й культуры ў Вільні праходзіць міжнародны сэмінар “Мовы й культуры: пісьмовыя традыцыі народаў ВКЛ”.

Падчас сэмінару гучаць даклады на тэмы, якія спрэчна ўспрымаюцца гісторыкамі Летувы й Беларусі: “Афіцыйная канцылярская мова ў беларуска-летувіска-ўкраінскай гістарыяграфіі”, “Мовы ВКЛ пры дыпляматычных зносінах”, “Расейская мова ў ВКЛ”, “Княства як адзіная прастора Заходняй Эўропы”, “Гісторыя Статуту ВКЛ 1588 году”, “Панятак: Летува, Русь, ліцьвін у помніках літаратуры”.

Гісторыкі абедзьвюх суседніх дзяржаваў да сёньня ня маюць агульнага пункту гледжаньня па пытаньні значнасьці дзеячоў ВКЛ, як для беларусаў, так і летувісаў. Пры гэтым адныя й другія не аспрэчваюць факту супольнасьці ў гісторыі разьвіцьця Княства.

У сустрэчы бяруць удзел навукоўцы з 14 краінаў. Гэта ўжо пяты па ліку сэмінар, але ў Летуве ён адбываецца ўпершыню. Да гэтага сэмінары па дадзенай тэматыцы адбываліся ў Вугоршчыне і ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.