У штаце Арыса (Індыя) забіта не менш 500 хрысціянаў. Драматычныя вынікі апублікавала
агенцтва «Азія-Ньюс», якое стала сочыць за развіццём сітуацыі ў Індыі. Агенцтва таксама
нагадала, што ўрадавыя крыніцы ўвесь час паведамляюць толькі пра 31 ахвяру.
На
думку прадстаўніка дзяржаўнай улады штата Арыса, які пажадаў выказацца ананімна, за
час антыхрысціянскіх хваляванняў у гэтым штаце жыццё страцілі як мінімум пяцьсот вызнаўцаў
Хрыста. Па яго словах, ён асабіста даў дазвол на крэмацыю 200 хрысціянаў.
Арганізавана
15 лагераў бежанцаў (12 тысяч 641 чалавек), у якіх, па словах мясцовай дзяржаўнай
і федэральнай улады, «хрысціяне знаходзяцца ў бяспецы, маюць свабодны доступ да вады,
лекаў і ежы». Аднак дэлегацыя, якая пабывала ў месцах размяшчэння лагераў, паведамляе
пра драматычную сітуацыю, між іншым, з-за недахопу неабходных лекаў: «Адчуваецца атмасфера
тэрору сярод хрысціянаў, якія баяцца за сваё жыццё, у выпадку, калі яны вырашаць пакінуць
лагер і вярнуцца ў свае вёскі».
Індыйскія фундаменталісты імкнуцца адправіць
назад паліцыю, якую ўрад накіраваў для абароны хрысціянаў, і адкрыта пагражаюць, што
тых хрысціянаў, якія не вернуцца да індуізму, чакаюць пакуты і смерць. У той жа час
адказныя за лагеры бежанцаў стараюцца пераканаць хрысціянаў у тым, што яны могуць
вяртацца ў свае вёскі, дзе, па іх словах, ізноў запанаваў мір.