2008-10-29 14:51:42

Філіял Нацыянальнага Музэю ў Гальшанах будзе зачынены


Кажа Часлава Акулевіч, загадчыца музэю: «Загад ужо ёсьць. Будынак будзе закансэрваваны. Закалоцяць вокны, а мо і замуруюць. Будынак кляштару знаходзіцца ў аварыйным стане і існуе праўдзівая небясьпека, што ён абрынецца. А сродкаў рапараваць — гаворка ідзе пра мільёны даляраў — няма. Музэйны пэрсанал пойдзе на біржу працы».

Францішканскі кляштар, дзе месьціцца музэй, малой драбніцай не раўналетка знакамітаму Гальшанскаму замку. Кляштар заснаваны ў 1618 годзе, а замак — у 1610. Манастыр найперш вядомы сваім прывідам. Паводле легендаў будаўнікі кляштара, стомленыя пастаяннымі абваламі толькі што пабудаваных сьценаў, дзеля спраўнага завяршэньня працы прынесьлі ахвяру — замуравалі ў адну са сьценаў жанчыну. Стуль людзі шмат разоў бачылі здань у абліччы кабеты, што ходзіць па калідорах кляштару, а таксама чулі енкі ды дзіцячыя крыкі, якія далятаюць як бы ніадкуль. Ускосным доказам гэтай легенды служыць той факт, што калі ўжо ў нашыя часы рэстаўратары пры разборы лёхаў выпадкова пабурылі кавалак сьцяны, дык у нішы быў знойдзены шкілет.

Нацыянальны музэй зачыняе свае філіялы — засталіся толькі самыя знакамітыя: Мірскі замак, сядзіба Ваньковічаў і г.д. Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, можа, і зацікаўленыя ў аднаўленьне музэя, але ня маюць такіх калясальных сродкаў на рэстаўрацыю.

«Шкада — без паветру і руху наведнікаў кляштар рассыплецца яшчэ хутчэй, — дадае спадарыня Часлава, — але на маю думку выйсьце ёсьць — трэба ўключыць рэстаўрацыю кляштара ў інвэстыцыйны плян хаця б на 2010 год, або ўзьняць гэтае пытаньне перад парлямэнцкім сходам».

Кажуць, што кляштарныя муры трымаюцца дзякуючы злосьці замураванай жанчыны. Ці ўратуе адна тая злосьць?








All the contents on this site are copyrighted ©.