2008-10-20 13:19:09

Дзе і калі загінуў айцец Антон Неманцэвіч ( 2 частка)


У 27-ым нумары чыкагскага часопіса “Беларуская царква” ў 1964 годзе зьявіўся вялікі артыкул а. Льва Гарошкі “Айцец Антон Неманцэвіч. Першы Беларускі Экзарх”. Пры азнаямленьні зь ім, выглядае так, што гэты матэрыял быў напісаны на аснове двух артыкулаў а. Гарошкі ў часопісе “Божым шляхам” ад 1949 і 1956 гадоў. Аднак, тэкст быў адрэдагаваны, у ім былі выпраўленыя русізмы і, самае галоўнае, зьявіліся новыя факты. Факты, якія ў такіх дробязях ня мог ведаць а. Леў Гарошка, але якія былі добра знаёмыя рэдактару “Беларускай царквы” Вацлаву Пануцэвічу. Падчас нямецкай акупацыі Пануцэвіч працаваў у баранавіцкім СД, верагодна, бачыў арыштаванага экзарха… Таму, праўдападобна, што публікацыю ў часопісе рыхтаваў сам Вацлаў Пануцэвіч, узяўшы за аснову ранейшыя артыкулы а. Гарошкі ды падпісаўшы матэрыял ягоным прозьвішчам.


Згаджаецца В. Пануцэвіч і з вэрсіяй наконт гібелі экзарха а. Неманцэвіча ў сьнежні 1942-га: “Сёлета ў сьнежні месяцы мінае 22 год ад праўдападобнае даты сьмерці першага экзарха Беларускае Ўсходняе Царквы а. Антона Неманцэвіча. Нядоўгі быў час ягонае ахвярнае дзейнасьці на Беларусі, але надзвычайна важны для аднаўленьня беларускага рэлігійнага жыцьця. Гэта быў час жуткае ваеншчыны, варожых інтрыгаў, ахвярай якіх і стаўся а. Неманцэвіч” (“Беларуская царква”, № 27, 1964, стар. 21).


Вацлаў Пануцэвіч лічыў, што рашэньне зьліквідаваць экзарха а. Неманцэвіча было прынята Менскім СД. На ягоную думку, а. А. Неманцэвіч быў “нявыгадны для нямецкай палітыкі вынішчэньня каталіцызму на Беларусі”. Немцам “здавалася, што паслушнай прыладай станецца Беларуская [Праваслаўная] Аўтакефальная Царква, выкарыстоўваная ў першую чаргу, як антыбальшавіцкая сіла ў адказ на сталінскую акцыю выкарыстоўваньня маскоўскага патрыярхату ў прапагандзе за “отечественную войну” (“Беларуская царква”, № 27, 1964, стар. 33).


Пра абставіны арышту экзарха В. Пануцэвіч піша наступнае:


“Каб ня было ніякага супраціву ці ўцёкаў, на пачатку жнівеня 1942 г. нямецкія гэстапоўцы з СД у Баранавічах ноччу акружылі Альбэртынскі манастыр і “папрасілі” а. Неманцэвіча паехаць зь імі ў Слонім, дзе стаяў Баранавіцкі аддзел СД…


Айца Неманцэвіча немцы прывязьлі ў Слонім, а адтуль таго-ж самага дня ў Баранавічы дзесьці каля абеду. Адзін з нашых працаўнікоў, які працаваў у баранавіцкім СД (яшчэ адзін доказ таго, што ў тэкст а. Гарошкі гэтую ўстаўку зрабіў В. Пануцэвіч. Праўдападобна, гэта ён быў тым “працаўніком” — С. Ё.), быў сьведкай перавозу а. Неманцэвіча. Ён апавядае, што а. Антон быў моцна перапалоханы сваім арыштам, ды прасіў яго: “браточкі, ратуйце”, “што яны хочуць ад мяне?”. Гэны супрацоўнік зараз зьвярнуўся да начальніка СД, пытаючыся, за што арыштованы Беларускі Экзарх? Яму адказалі, што яны арыштавалі яго на загад зь Менску і зараз яго туды адсылаюць, а самі нічога ня маюць супроць яго. Пацяшалі гэнага супрацоўніка, што, магчыма, нічога такога няма і экзарха хутка выпусьцяць. Зрэштай ён “не арыштованы”, казалі, але вязецца ў Менск пад нямецкай “аховай” дзеля бясьпекі экзарха. Усё гэта перадаў гэны супрацоўнік СД айцу Неманцэвічу. Хутка пасьля гэтага канвой з а. Неманцэвічам ад’ехаў у Менск.


У Менску а. Неманцэвіч быў зьняволены ў падвалах менскага СД прыблізна да канца верас[ьня]. Праз гэты час праводзіліся допыты яго ды чакалася на пастанову з Бэрліна” (“Беларуская царква”, № 27, 1964, стар. 33-34).


Вацлаў Пануцэвіч вяртаецца да тэмы арышту й гібелі экзарха а. Антона Неманцэвіча ў гістарычным нарысе “Кс. Вінцэсь Гадлеўскі. Дзяржаўны Муж і Правадыр Народу”, які таксама друкаваўся ў “Беларускай царкве” (№ 28, 1965 г.). Пануцэвіч удакладняе дату паездкі экзарха а. Неманцэвіча ў Львоў — сярэдзіна чэрвеня 1942 году (яна супадае з часам праходжаньня III Сабору экзархаў у Львове — 9-15 чэрвеня). Падае ён і канкрэтную дату арышту ў Альберціне — 4 ліпеня 1942 г. Арышту не “па дарозе са Львова”, як пішуць некаторыя дасьледчыкі, а “пасьля павароту ў Альбэртын”. Невядома, на падставе чаго сьцьвярджаў гісторык Алег Гардзіенка, што а. Неманцэвіч быў арыштаваны 5 жніўня 1942 г. “пасьля шматлікіх папярэджаньняў з боку акупантаў” (“Наша ніва”, 24 студзеня 2000 г.). Насамрэч, дата арышту, прапанаваная Вацлавам Пануцэвічам, падаецца найбольш верагоднай.


Акрамя таго, Пануцэвіч дапускае, што экзарх а. Антон Неманцэвіч праходзіў па справе “беларускай кансьпірацыі” (беларускага нацыянальнага падпольля, лідэрам якога быў кс. Вінцэнт Гадлеўскі, арыштаваны й закатаваны гэстапаўцамі ў сьнежні 1942-га). Менавіта на гэтую тэму маглі весьці ягоныя допыты гэстапаўцы. В. Пануцэвіч піша:


“[СД] …паездку Неманцэвіча да Шаптыцкага расцэньвала як кансьпірацыйнае шуканьне кантактаў так з украінцамі, як і з Рымам. Памятайма, што мітр. Шаптыцкі браў актыўны ўдзел у праклямацыі незалежнай Украіны 30 чэрвеня 1941 г. у Львове і стварэньні ўкраінскага ўраду Бандэры, разагнанага немцамі. Ён-жа быў выдаў 1 ліп[еня] 1941 пастырскі ліст, заклікаючы да высілкаў у стварэньні незалежнай украінскай дзяржавы. У Львове быў цэнтар украінскай антынямецкай кансьпірацыі. Такім чынам, немцам ужо было дастаткова, што а. Неманцэвіч праўдападобна езьдзіў у Львоў з кансьпірацыйнымі заданьнямі ад групы кс. Гадлеўскага. Яны спадзяваліся, што ад яго атрымаюць больш матарыялаў у справе беларускай кансьпірацыі” (“Беларуская царква”, № 28, 1965,








All the contents on this site are copyrighted ©.