2008-10-07 13:40:11

Рэкалекцыі для сужэнстваў


З 17 па 19 кастрычнiка 2008 г. у Баранавічах (Дом «Святой Тройцы») адбудуцца рэкалекцыі для сужэнстваў, якія арганізоўвае рух «Сужэнскія сустрэчы». У гэтым годзе рэкалекцыі будуць праходзіць таксама 14–16 лістапада і 5–7 снежня. Удзельнікамі могуць стаць усе жадаючыя пары, незалежна ад веравызнання, а таксама наяўнасці або адсутнасці шлюба, заключанага ў царкоўных ці дзяржаўных установах.


«Сужэнскія сустрэчы» — рух у Каталіцкім Касцёле, які арганізоўвае рэкалекцыі для сужэнцаў з мэтай паглыблення і аднаўлення, а часта — адбудовы сужэнскіх саюзаў. Заснавалі рух Ірэна і Ежы Гжыбоўскія з Польшчы ў 1977–1978 гадах. Цяпер гэты рух распаўсюджаны ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Літве, Латвіі, Малдове, Расіі, Румыніі і Украіне. Рух «Сужэнскія сустрэчы» праводзіць таксама «Вечарыны для закаханых» і «Рэкалекцыі для нарачоных», якія падрыхтоўваюць маладых людзей да сакрамэнту шлюбу.


У Беларусі сустрэчы для сужэнцаў-пачаткоўцаў некалькі разоў на год праходзяць у Баранавічах. Пастаянныя ўдзельнікі руху штомесяц збіраюцца ў парафіі Маці Божай Ружанцовай ў мінскім мікрараёне Лошыца. Праводзяць іх Алена і Павел Кузьміцкія, а мадэратарам руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з’яўляецца пробашч парафіі а. Генадзь Кухарэвіч CSMA. Удзельнікамі «Сужэнскіх сустрэчаў» у Мінску з’яўляюцца каля пяцідзесяці сужэнскіх пар з розных парафій сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.