2008-10-07 13:36:34

На шляху да экумэнізму


Прадстаўнікі моладзі чатырох хрысціянскіх канфесій Беларусі — католікі, праваслаўныя, евангельскія хрысціяне-баптысты і лютэране — прынялі ўдзел у міжканфесійнай канферэнцыі «Дзень талерантнасці», якая адбылася 4 кастрычніка 2008 г. у мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханнэса Рау.


Сустрэча прадстаўнікоў некалькіх хрысціянскіх канфесій упершыню праводзілася менавіта для моладзі. У сустрэчы між іншым, прынялі ўдзел прадстаўнікі каталіцкай моладзі, у прыватнасці, — парафіяне мінскага архікатэдральнага касцёла і мінскага касцёла святых Сымона і Алены. Адным з цэнтральных пунктаў праграмы канферэнцыі стала прэзентацыя кожнай з канфесій і выступленні на тэму: «Як я разумею рэлігійную талерантнасць?» — з пункту гледжання розных веравызнанняў.


У межах канферэнцыі былі арганізаваны музычныя выступленні вернікаў Праваслаўнай Царквы, евангельскіх хрысціян-баптыстаў і лютэранскай супольнасці «Збаўленне». Праходзіла праца па секцыях: «Талерантнасць у сям’і» і «Партрэт талерантнага хрысціяніна».


Удзельнікі міжканфесійнага дыялогу не толькі працавалі супольна, але таксама, дзякуючы Міжнароднаму адукацыйнаму цэнтру, мелі супольны абед, які стаў дадатковай магчымасцю пазнаць сваіх братоў у Хрысце: малітва перад ежай была прачытана вернікамі Праваслаўнай Царквы, Царквы хрысціян-баптыстаў, Рыма-каталіцкага Касцёла.


Першы моладзевы міжканфесійны дыялог «Талерантнасць» і мэты яго правядзення пракаментаваў каардынатар мерапрыемства Аляксандр Ладзісаў: «Асноўная мэта працы гэтай моладзевай групы — наладжванне дыялогу паміж хрысціянскімі Цэрквамі і іх прадстаўнікамі з мэтай умацавання згоды, міру і ўзаемаразумення. Думка аб тым, каб заахвоціць і моладзь да ўдзелу ў канферэнцыі, з’яўлялася паступова. Моладзевую канферэнцыю мы вырашылі правесці на тэму „Талерантнасць“, бо гэтае пытанне вельмі важнае для шматканфесійнай Беларусі. Прадстаўнікам чатырох канфесій — моладзі — мы прапанавалі самастойна падрыхтаваць гэтую канферэнцыю, прапрацаваць тэматыку. У далейшым плануем паралельна з групай дарослых арганізаваць і моладзевую, якая б займалася правядзеннем і арганізацыяй менавіта моладзевых праектаў».


Міжканфесійная працоўная група пры мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханнэса Рау існуе ўжо дзесяць гадоў. Па словах Аляксандра Ладзісава, за гэты час былі арганізаваны канферэнцыі, прысвечаныя разнастайным сацыяльна-этычным пытанням і дзейнасці хрысціянскіх Цэркваў: «Сохранение божественного творения», «Роля Царквы ў выхаванні моладзі», «Роля Царквы ў сацыяльным жыцці грамадства» і г. д. Міжканфесійныя канферэнцыі праходзілі таксама на міжнародным узроўні — з удзелам Евангельскай Царквы Германіі.


Завяршыўся міжканфесійны дыялог сустрэчай за круглым сталом, падчас якога прадстаўнікі ўсіх канфесій, найперш духоўныя асобы, падсумавалі вынікі канферэнцыі і адказалі на пытанні моладзі.










All the contents on this site are copyrighted ©.