2008-10-03 14:33:13

Абвешчана тэма Сусьветнага Дня Сацыяльных Камунікацый 2009-га году


43 Сусветны дзень сацыяльных камунікацый 2009 года пройдзе на тэму «Новыя тэхналогіі, новыя сувязі. Развіваць культуру павагі, дыялогу, сяброўства». Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Дзень сацыяльных камунікацый будзе апублікавана 24 студзеня наступнага года ў дзень успаміну святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.


«Гэта больш, чым тэма. Мне здаецца, што Папа ставіць нас перад самай сапраўднай праграмай», — адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.


На думку старшыні ватыканскага ведамства, Пасланне Святога Айца з’яўляецца «кампендыумам задачаў і адказнасці, якія павінны прыняць працаўнікі сродкаў масавай камунікацыі ў наш час бурнага развіцця новых мадыя-тэхналогій, якія, фактычна, ствараюць сабе новую прастору, новую культуру. У пэўным сэнсе можна было б сказаць, што Папа патрабуе ад працаўнікоў мас-медыя (...) глядзець паверх рэчаў, якія мінаюць, і шукаць вечнае, сапраўднае».


Па словах арцыбіскупа Клаўдыё Марыі Чэлі, Святы Айцец выказвае давер магчымасцям сродкаў масавай камунікацыі і лічыць, што «СМІ могуць аказаць большую дапамогу ва наладжванні атмасферы дыялогу і даверу. Святы Айцец падкрэслівае, што новым сродкам павінны адпавядаць новыя адносіны: уважлівае вывучэнне сувязяў, у якіх жыве і развіваецца камунікацыя. Аднаўленне сродкаў не азначае звычайнага кроку наперад у тэхнічным сэнсе, але стварае новыя ўмовы і магчымасці для таго, каб чалавек мог выкарыстаць гэтыя рэсурсы для агульнай карысці і паставіў іх у аснову шырокага культурнага росту».


43 Сусветны дзень сацыяльных камунікацый будзе адзначацца ва ўсіх краінах свету 31 мая 2009 г.










All the contents on this site are copyrighted ©.