2008-09-24 14:28:28

Мітрапаліт Кандрусевіч атрымае тытул Doctor Honoris Causa Любліньскага Каталіцкага Унівэрсытэта


25 верасня 2008 г. у Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла ІІ (Польшча) падчас ІІІ Кангрэсу хрысціянскай культуры Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч атрымае тытул Doctor honoris causa гэтага універсітэта.


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ужо ў трэці раз будзе ўзнагароджаны тытулам Doctor honoris causa. Два першых арцыбіскуп атрымаў у ЗША: Doctoratum in Sacra Theologia, honoris causa семінарыі і універсітэта святой Марыі (2 сакавіка 1993 г., Balimore), Doctor of Humane Letters, honoris causa Каталіцкага універсітэта Амерыкі (8 сакавіка 1993 г., Вашынгтон). 11 снежня 1999 г. Мітрапаліт стаў акадэмікам Еўра-Азіяцкай Акадэміі Навук.


«Хоць і не ўпершыню мне прысуджаюць тытул Doctor honoris causa, але гэта заўсёды вялікая падзея. Не думаю, што я заслужыў гэты тытул, (...) аднак, я ўдзячны каталіцкаму універсітэту ў Любліне. Honoris сausa расцэньваю перш за ўсё не як прызнанне маёй дзейнасці, але дзейнасці Касцёла, дзе я нёс і нясу сваё служэнне — гэта Каталіцкі Касцёл у Расіі і Беларусі. „Хвала“ не мне, а Касцёлу. Я — яго салдат і слуга. Дзякуючы Honoris сausa Касцёл у Беларусі набудзе большую вядомасць», — падкрэсліў Мітрапаліт.


У Кангрэсе хрысціянскай культуры арцыбіскуп Тадэвуш будзе ўдзельнічаць ужо ў трэці раз і ў трэці раз выступіць з дакладам: «Я ўжо выступаў на двух папярэдніх кангрэсах. Doctor honoris causa прымеркаваны якраз да гэтага кангрэса. Разам са мною тытул Doctor honoris causa атрымае прафесар Андрэа Рыккардзі з Рыма. Ён з’яўляецца заснавальнікам супольнасці святога Эгідзія».


Honoris сausa так і перакладаецца з латыні «за заслугі». Розныя універсітэты свету ўзнагароджваюць гэтым тытулам выдатных дзеячаў культуры і мастацтва, навукоўцаў і палітыкаў.


Тытул Doctor honoris causa атрымалі ў свой час Ян Павел ІІ (1983), кардынал Ёзаф Ратцынгер — цяперашні Папа (1988), былы канцлер Германіі Гельмут Коль (1989), былы прэм’ер Італіі Романо Продзі (2004), вядомы кінарэжысёр Кшыштаф Зануссі (2004) і інш.




Люблінскі каталіцкі універсітэт


Арганізацыйны камітэт каталіцкага універсітэта паўстаў у лютым 1918 г. па ініцыятыве кс. Радзішэўскага, рэктара мясцовай Духоўнай акадэміі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі польскай дыяспары ў Санкт-Пецярбургу.


У ліпені 1918 г. заснаванне каталіцкага універсітэта было зацверджана на Канферэнцыі Біскупаў Польшчы ў Варшаве, у якой таксама прымаў удзел Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Акілле Рацці — будучы папа Пій ХІ.


Мэтаю новастворанай установы было правядзенне навуковых даследаванняў у духу гармоніі паміж навукай і верай, выхаванне кадраў каталіцкай інтэлігенцыі, а таксама ўзнясенне народа на вышэйшы ўзровень рэлігійнага і інтэлектуальнага жыцця. Дэвіз універсітэта — Deo et Patriae («Богу і Айчыне»).










All the contents on this site are copyrighted ©.