2008-09-20 11:20:56

Бэатыфікацыйны працэс Слугі Божага кс. Міхала Сапоцькі


Просьба аб распачацці беатыфікацыйнага працэсу кс. Міхала Сапоцькі была скіравана ў Апостальскую Сталіцу са згоды Канферэнцыі епіскапату Польшчы біскупам Эдвардам Кіселем, Апостальскім Адміністратарам у Беластоку.


Кангрэгацыя па справах кананізацыі выдала nihil obstat («няма перашкодаў»), пасля чаго 4 снежня 1987 г. распачаўся дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу. Гэты этап завяршыўся 23 верасня 1993 г. Сведчанні склалі 67 чалавек, якія асабіста сустракалі кс. Міхала Сапоцьку. Праводзілася даследаванне яго лістоў.


Пасля перадачы акта ў Кангрэгацыю па справах кананізацыі распачалося напісанне «Positio» (сінтэтычнае апрацаванне сабраных матэрыялаў, якія пацвярджаюць святасць кандыдата). Напачатку гэтым займаўся кс. Ежы Мрувчынскі, які ў той час з’яўляўся генеральным пастулатарам Польшчы. Праз год Мітрапаліт Беластоцкі арцыбіскуп Станіслаў Шымецкі перадаў гэтую справу кс. пралату Кшыштафу Ніткевічу, намесніку сакратара Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў. У рэдагаванні «Positio», напісанне якога адбывалася і ў Польшчы і ў Рыме, прымалі ўдзел прафесары архідыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Беластоку (аўтар біяграфіі кс. Міхала Сапоцькі кс. Генрых Цярэшка, а таксама кс. Станіслаў Стшэлецкі, які быў асабіста з ім знаёмы). Падрыхтаваная «Positio» налічвае амаль 1100 старонак.


Пасля атрымання згоды папы Яна Паўла ІІ Кангрэгацыя па справах кананізацыі дэкрэтам ад 20 снежня 2004 г. абвясціла гераічнасць цнотаў кс. Міхала Сапоцькі. 17 снежня 2007 г., пасля атрымання дазволу Бэнэдыкта XVI, быў афіцыйна прызнаны цуд, які адбыўся праз заступніцтва кс. Міхала Сапоцькі: аздараўленне маладога чалавека, які атрымаў смяротную дозу лізолу.


Ксёндз прэлат Кшыштаф Ніткевіч, пастулатар беатыфікацыйнага працэсу кс. Міхала Сапоцькі, адзначае, што кс. Міхал Сапоцька «пакінуў пасля сябе рэпутацыю выдатнага і пабожнага чалавека. Гэта была першая падстава, якая схіляла да распачацця беатыфікацыйнага працэсу. Кожная беатыфікацыя і кананізацыя мае таксама выхаваўчую мэту. Узносячы кагосьці да хвалы алтара, Касцёл робіць яго прыкладам для наследавання. (...) У ксяндза Сапоцькі прысутнічалі абодва гэтыя элементы: ён адзначаўся вялікай асабістай святасцю і быў прыкладам для наследавання».


На думку пастулатара беатыфікацыйнага працэсу ў справе кс. Міхала Сапоцькі, спецыфіка святасці гэтага кандыдата заключаецца «ў абсалютным даверы Божай Міласэрнасці. (...) Другая рыса яго святасці — гэта вялікая праца над сабою. Мыўся халоднай вадою... Адмовіўся ад ужывання алкаголю не толькі для асабістага асвячэння, але каб быць верагодным у тым, што абвяшчае. Гэта быў стыль святасці, якая грунтуецца на фізічным аскетызме».








All the contents on this site are copyrighted ©.