2008-09-18 13:54:25

Беларускіх дзяцей не пускаюць аздараўляцца за мяжу


Дыпляматычныя прадстаўніцтвы некаторых краінаў у Беларусі пацьвярджаюць інфармацыю аб тым, што праграма аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой прыпыненая, паведамляе БелаПАН.
Афіцыйныя ўлады гэтай інфармацыі не пацьвярджаюць, аднак адразу папярэджваюць, што для аздараўленьня беларускіх дзяцей за мяжой неабходна падпісаць двухбаковае пагадненьне з краінамі, якія хочуць узяць дзяцей.
Як паведамілі БелаПАН у Амбасадзе Вялікабрытаніі, прадстаўніцтва ведае пра прыпыненьне аздараўленьня дзяцей з Чарнобыльскай зоны, аднак ніякіх афіцыйных дакумэнтаў па гэтаму пытаньню не атрымлівала. Таксама ў пасольства не паступала ніякай інфармацыі аб магчымай дамове пра супрацоўніцтва паміж краінамі.
Праўдападобна, забарона зьвязаная з выпадкам няпоўнагадовай грамадзянкі Беларусі Тацьцяны Казыры, якая не вярнулася з аздараўленьня ў ЗША.
У дэпартамэнце гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта пацьвердзілі факт часовага прыпыненьня праграмаў дзіцячага аздараўленьня ў ЗША. Яно зьвязанае зь невяртаньнем на радзіму барысаўскай школьніцы Тані Казыры. З гэтым рашэньнем беларускага боку азнаёмленыя амбасады і шэрагу іншых краін, якія бяруць удзел у праектах чарнобыльскага адпачынку. Паводле беларускіх чыноўнікаў, замежныя паездкі могуць аднавіцца пры ўмове падпісаньня адпаведных міждзяржаўных пагадненьняў. Выключэньне складае Італія, зь якой пасьля прэцэдэнту зь вілейскай сіратой Вікай Мароз падобныя пагадненьні ўжо заключаныя. Тым ня менш ня ўсім запрошаным у Італію беларускім дзецям удалося сёлета трапіць на адпачынак у знаёмыя сем’і. Маем на ўвазе Віку Мароз.
Віка таксама адказвае кароткімі сказамі. Так, летам была ў Беларусі, у Італію ня езьдзіла, хаця вельмі хацела б, цяпер ходзіць у школу. Шчыра прызнаецца, што посьпехамі ў вучобе пахваліцца ня можа. Тыя, каго яна называе мамай і татам — Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын — рэгулярна тэлефануюць і пішуць ёй.


“Пішуць, што чакаюць мяне. Маё самае найвялікшае жаданьне — паехаць да іх”.


Паводле італьянскай сям’і Джуста-Барначын, нараджэньне сына Эмануэля прынесла ім вялікую, ні з чым не зраўнаную радасьць. Сын расьце здаровым хлопчыкам і не прыносіць клопату. Іншая рэч, што ён ня можа замяніць дачку Віку.


“Чым болей мінае часу, тым бліжэй да Вікінага 18-годзьдзя, калі яна сама зможа вырашыць свой лёс”, — кажа Марыя-К’яра і дадае: “Ужо прайшло 2 гады, аднак наш боль, як і раней, не сьціхае”.








All the contents on this site are copyrighted ©.