2008-09-16 13:22:48

Намётавы фэст хрысьціянскай музыкі ў Барысаве


16 - 21 верасьня ў Барысаве пройдзе фэст хрысьціянскай музыкі. У ім прымуць удзел прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай цэркваў.
Кожны дзень фэсту будзе складаецца з 3-х канцэртаў: для дзяцей (14.00 - 16.00), дарослых (17.00 - 19.00) і моладзі (19.30 - 21.30). Сярод удзельнікаў фэсту такія вядомыя хрысьціянскія гурты як «Спасеніе», «Антывірус», «Псалмяры», «Небасхіл», «Радаўніца» выканаўцы Алеся Ўнукоўская, Вольга і Кірыл Казарэзы, оперны спявак Генадзь Нікіцін, а таксама вядомыя беларускія барды Андрэй Мельнікаў і Алесь Камоцкі ды многія іншыя.
Вось што распавёў Аляксандр Касьцюкевіч, арганізатар фэсту ў Барысаве: "Гэта першы фэст такога кшталту ў Беларусі. Ён арганізаваны сумесна хрысьціянскімі цэрквамі г. Барысава – не адной нейкай канфэсіі, а адразу і каталікамі, і пратэстантамі, і праваслаўнымі. У фэсце прымуць удзел музычныя выканаўцы ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў, якія зьедуцца з усёй Беларусі".
Мэта гэтага намётавага фэсту эвангэлізацыйная: сваёй творчасьцю распавесьці людзям аб Богу на дасягальнай для кожнага мове. У праграму ўваходзяць дзіцячае сьвята, больш спакойная музыка для дарослых і больш вясёлая – для моладзі. Падчас вечаровых канцэртаў будзе прапаведавацца слова Дабравесьця, таксама людзі змогуць супольна зьвярнуць свае сэрцы да Госпада ў малітве. На кожным канцэрце для дарослых пройдзе малітва за хворых людзей. А ўсе, хто захоча бліжэй пазнаць Бога, атрымае ў падарунак хрысьціянскія брашуры аб Бібліі, аб малітве і г. д. Моладзь, натуральна, можа прыйсці крыху раней на «дарослы» канцэрт, а дарослыя - застацца і на моладзевы.







All the contents on this site are copyrighted ©.