2008-09-10 14:05:57

Заканчэньне кангрэса "Renovabis": Эўропа - кантынэнт дыялога


З 4 па 6 верасня 2008 г. у Фрайзінгу (Германія) адбываўся XII Міжнародны кангрэс «Renovabis», прысвечаны пытанню адносінаў паміж «рэлігіяй» і «народам». Як падкрэсліў дырэктар «Renovabis» Геральд Альберт, на кангрэсе была ўзнята «цэнтральная праблема на нашым кантыненце», бо Еўропу можна зразумець толькі тады, калі пад увагу будзе ўзяты ўплыў рэлігіі на культуру.
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Германіі арцыбіскуп Робэрт Золлітш у сваім пасланні да ўдзельнікаў кангрэса адзначыў, што абраная тэма пасяджэння з’яўляецца «асноўнаю праблемай у палітычных і культурных дэбатах нашага часу».


«Еўропа мае будучыню толькі ў тым выпадку, калі народ і рэлігія будуць мець прастору для дзеяння і развіцця», — падкрэсліў арцыбіскуп Мюнхена і Фрайзінга Рэйнхард Маркс. Нямецкі іерарх заклікаў усіх хрысціянаў, каб яшчэ больш інтэнсіўна выступалі за Еўропу розных народаў і розных культур».


На думку арцыбіскупа Белграда Станіслава Хачэвара, многія жыхары Усходняй Еўропы заклапочаны тым, што ў складзе аб’яднанай Еўропы яны рызыкуюць страціць сваю тоеснасць. Прыводзячы ў якасці прыклада Сербію, іерарх звярнуў увагу на неабходнасць глыбейшага вывучэння гісторыі Усходняй Еўропы, а таксама ўнёс прапанову стварыць установу, якая б займалася развіццём міжрэлігійнага дыялога.


Арцыбіскуп Станіслаў Хачэвар падкрэсліў тэрміновую неабходнасць дыялога хрысціянскага свету з нехрысціянскім: «Калі Еўропа хоча застацца хрысціянскім кантынентам, то яна павінна быць кантынентам дыялога». Арцыбіскуп Белграда падкрэсліў, што фундаментам такога дыялога павінны быць «разважлівы пошук Бога, а таксама разважлівае супрацоўніцтва». Аднак для гэтага неабходна аднаўленне веры. Арцыбіскуп Хачэвар падкрэсліў, што тэалогія ў форме размовы пра Бога, магчыма, яшчэ ніколі не была так патрэбна, як у наш час. Яшчэ ніколі за ўсю гісторыю чалавек не шукащ сэнсу жыцця з такой інтэнсіўнасцю, як сёння. Па словах іерарха, немагчыма «весці сапраўдны дыялог без адноўленага адзінства Усходу з Захадам» і без аўтарытэта Касцёла.


Традыцыйная праца ў групах была прысвечана адносінам паміж рэлігіяй і народам у Румыніі, Польшчы, Сербіі, Украіне, а таксама ў Арменіі і Грузіі. Было таксама ўзнята пытанне адносна сітуацыі цыганскага насельніцтва ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а таксама сітуацыя ў Косаве.


Падводзячы вынікі трохдзённай працы кангрэса, генеральны дырэктар «Renovabis» айцец Дзітгер Дэмут CSRS выказаў спадзяванне на тое, што, нягледзячы на мноства канфліктных сітуацый у адносінах паміж рэлігіяй і народам, «месцы расколаў» можна будзе «пасшываць».


Наступны ХІІІ Міжнародны кангрэс «Renovabis» адбудзецца 3–5 верасня 2009 г. у Фрайзінгу і будзе прысвечаны праблеме ўсходніх Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.