2008-09-06 09:38:25

"Біскуп Чэслаў Сіповіч- Сьвятар і Беларус"- ( заканчэньне)


Здаўшы “бяз бою” Марыян Гаўз, Тарасэвіч 1 сакавіка 1984 году падзякаваў марыянам: «Адначасова я хацеў бы выказаць маю шчырую ўдзячнасьць Закону (марыянаў. – А.Н.) за гэтую шчодрасьць. Хай Госпад прыме гэты ваш дар і ўзнагародзіць вас у сто разоў»175. Варта заўважыць, што ва ўсіх гэтых дакумэнтах уласьнікам выступае закон марыянаў. Пра беларускіх марыянаў і “Новую Друю” – ані слова.


Усе гэта рабілася без майго ведама. Беларуская Каталіцкая Місія ў Лёндане апынулася ў цяжкім, каб не сказаць безвыходным, становішчы. 31 ліпеня 1984 году я пісаў біскупу Тарасэвічу: «У мяне часта пытаюцца беларусы і іншыя, як прадстаўляецца справа з Марыян Гаўз. Відаць, адчуваюць, што тут нешта не ў парадку. Да гэтага часу я стараўся не даваць простага адказу, маючы на ўвазе дабро справы і добрую памяць Уладыкі Чэслава. Ня думаю, аднак, што змагу рабіць так далей, бо гэта стаўляе мяне ў фальшывае паложаньне ў адносінах да людзей, якіх я паважаю і якія зьяўляюцца нашымі прыхільнікамі. Ці яны застануцца прыхільнікамі, даведаўшыся праўду, не магу сказаць»176. Перамогшы спакусу падаць заяву аб звальненьні, я пачаў шукаць выйсьця. Перш я пісаў біскупу Тарасэвічу, a пасьля ягонай сьмерці 2 студзеня 1986 году ўзьняў справу непасрэдна з уладамі марыянскага закону. Вось выняткі з майго ліста за 12 красавіка 1988 году да іхнага генэрала: «У 1985 годзе я падаў сьвятой памяці біскупу Тарасэвічу прапанову, як мне здавалася, справядлівай разьвязкі. Коратка, мая ідэя была, каб айцы марыяне, пасьля таго як беларусы прызнаюць ix адкрыта ўласьнікамі Марыян Гаўз, прадалі яго Беларускай Каталіцкай Місіі за намінальную цану. Такім чынам патрабаваньні гонару і справядлівасьці будуць задаволеныя. Матар’яльна айцы марыяне не выйграюць нічога, але яны таксама нічога ня страцяць, бо грошы за маёмасьць цалкам сплочаныя. З другога боку, яны здабудуць удзячнасьць беларусаў і будуць мець задавальненьне, ведаючы, што, дзякуючы іхнаму ўчынку, справа, дарагая сэрцу біскупа Чэслава Сіповіча, будзе мець працяг, і Марыян Гаўз будзе служыць прызначанай ім (г. зн. Сіповічам. – А.Н.) мэце, менавіта быць беларускім рэлігійным цэнтрам. Між іншага, гэта было таксама жаданьне беларусаў ды іхных прыяцеляў, якія спрычыніліся да куплі Марыян Гаўз»177.


Апошні ліст у гэтай справе я даслаў у 1997 годзе. Як і ўсе папярэднія, ён застаўся без адказу.


Пасьля таго як у 1991 годзе Беларусь атрымала незалежнасьць, марыяне, якія намерваліся разгарнуць там сваю дзейнасьць, відаць, зразумелі, што калі справа Марыян Гаўз атрымае розгалас, іх могуць чакаць сур’ёзныя клопаты і прыкрасьці. Здавалася б, здаровы розум падказваў праявіць крыху добрай волі да беларусаў і пастарацца знайсьці канчатковую разьвязку гэтай справы, каб, як кажа прыказка, воўк быў сыты і каза цэлая. На жаль, нічога падобнага ня здарылася. Ha пачатку 1999 году марыяне, ня маючы нават ветлівасьці папярэдне паведаміць рэктару Місіі, перадалі Марыян Гаўз ва ўласнасьць Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў. Такая шчодрасьць не каштавала ім ані шэлегу, але, напэўна, не засталася незаўважанаю ў адпаведных ватыканскіх колах. Такім чынам, марыяне і тут зарабілі за кошт беларусаў – а тыя засталіся ні з чым.


У звароце да ахвярадаўцаў у 1954 годзе адзначалася, што мэта куплі Марыян Гаўз – забясьпечьщь “собскі прыпынак” для Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі. Таксама ў сваім лісьце ў газэту Бацькаўшчына 3 чэрвеня 1956 году Сіповіч пісаў: «Няма ніякіх сумлеваў, што Марыян Гауз прызначаецца для беларусаў, і за імі назаўсёды (вылучана мною. – А.Н.) застанецца». Toe самае ён паўтарыў 9 чэрвеня 1956 году ў лісьце да Віктара Іваноўскага: «Як убачыце з майго выясьненьня (у Бацькаўшчыне. – А.Н.), што няма сумніву, што Марыян Гауз астанецца за беларусамі нават па маёй сьмерці». Беларусы яму паверылі. На жаль, ён сам даверыўся тым, хто аказаўся ня вартым даверу. Як ужо згадвалася вышэй, у 1974 годзе генэрал марыянаў Сельскі пісаў, што «пытаньне будучыні “марыянскага” аспэкту гэтай Місіі... выклікае трывогу». Трэба з сумам сьцьвердзіць, што марыяне не змаглі ўзьняцца вышэй за свой вузкі “марыянскі аспэкт” і ўбачыць рэальныя духоўныя патрэбы беларусаў, да якіх яны паставіліся з поўнай абыякавасьцю, ня кажучы ўжо пра патрабаваньні справядлівасьці.


Мець моцны беларускі рэлігійны цэнтар – здаровая ідэя. Не было б нічога благога і ў тым, каб гэтым цэнтрам кіравалі марыяне, з умоваю, што яны маюць дастаткова сілаў. На жаль, гэтых сілаў ім не ставала. Лепей бы думкі скіроўваліся не на “Новую Друю”, а на сьвятарскія пакліканьні наагул.


Пытаньне пакліканьняў сярод беларусаў стаяла незвычайна востра. Нешматлікія беларускія сьвятары рабілі, што маглі, каб забясьпечыць духоўную апеку над расьцярушанымі вернікамі і даць хоць нейкае рэлігійнае выхаваньне моладзі. Але ix было вельмі мала, і кожны зь ix працаваў у адзіноце. Патрабаваўся нейкі агульны плян дзейнасьці. Рэгулярныя зьезды сьвятароў маглі б вельмі дапамагчы, але ix пасьля 1960 году не праводзілася больш як 10 гадоў (зьезды ў 1961 i 1962 гадох атрымаліся хутчэй прынагоднымі зборкамі). Апрача іншага, спрычынілася, несумнеўна, і тое, што ад 1963 да 1969 году біскуп Сіповіч выконваў абавязкі генэрала марыянскага закону і ў яго не заставалася шмат часу на іншыя справы. Беларускія сьвятары не-марыяне не маглі пазбыцца адчуваньня, быццам іхнага першага біскупа “выкралі” (па-ангельску kidnapped) марыяне.


Чэслаў Сіповіч атрымаў біскупскую мітру праз папу Яна ХХIIІ, які цягам менш як пяці гадоў зьмяніў твар Царквы, зрабіў яе больш здатнай выконваць сваё вечнае пасланство ва ўмовах новага сьвету. Гэтыя зьмены закранулі й беларусаў, якіх доўгі час не хацелі прызнаваць за асобны народ ня толькі ў палітычным сьвеце але, на жаль, і ў Царкве. Таму многія беларусы бачылі ў прызначэньні свайго біскупа акт моцна спозьненай справядлівасьці. Сам Чэслаў Сіповіч у першую чаргу адчуваў адказнасьць за беларусаў каталікоў незалежна ад абраду, на Бацькаўшчыне і на чужыне. У 1952 годзе, яшчэ сьвятаром, рыхтуючы ліст у Ватыкан, ён пісаў а. Гарошку: «Гэтым лістом мы датыкаем сэрца справы, мы вучым Ватыкан, як ён павінен кіравацца ў царкоўнай палітыцы ў дачыненьні да расейцаў і да нас». I сапраўды, праз рэшту свайго жыцьця біскуп Сіповіч “вучыў” Ватыкан пра Беларусь, дамагаючыся прызнаньня правоў беларускага народу ў Царкве Хрыстовай. Таму ён прыклаў столькі намаганьняў для прызначэньня апостальскага адміністратара для рыма-каталікоў у Беларусі. Як першы за амаль паўтара стагодзьдзя беларускі грэка-каталіцкі біскуп, ён лічыў сваім абавязкам падрыхтаваць глебу для аднаўленьня Грэка-Каталіцкай Царквы. У прыватнасьці, Уладыка Чэслаў зрабіў шмат, каб перамагчы перадузятасьць і непаразуменьні – вынікі шматгадовай варожай прапаганды – між грэка-каталікамі і праваслаўнымі, а таксама непрыхільнае стаўленьне рыма-каталікоў да пытаньняў Вуніі, імкнуўся стварыць атмасфэру даверу і ўзаемнай пашаны. Нарэшце, ён ня раз скарыстоўваў сваё становішча, каб быць беларускім “амбасадарам” ня толькі ў Царкве, але наагул у сьвеце, пашыраючы ўсюды весткі пра Беларусь, яе гісторыю, культуру і патрэбы. У ягонай дзейнасьці здараліся памылкі і няўдачы, часам балючыя. Дый інакш не магло быць, хоць бы таму, што шмат дзе яму даводзілася, як ён сам казаў, “гнаць першую баразну”. Ён прымаў няўдачы з пакораю, але ніколі не зьняверваўся і не адхіляўся ад назаўжды выбранага шляху. Абыякавы да асабістай славы, ён ніколі не забываўся дзякаваць за ўсё Богу, якога любіў больш за ўсё, а таксама Найсьвяцейшай Багародзіцы і сьвятому Пятру, да якога адчуваў асаблівую пабожнасьць. Калі б нехта захацеў даць кароткую характарыстыку біскупа Сіповіча, дык цяжка знайсьці нешта лепшае за словы сьвятога Паўла: “Ласкай Божаю я ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ўва мне не была дарэмнаю” (1 Kap 15:10).








All the contents on this site are copyrighted ©.