2008-09-03 14:07:51

У Мінску на Кальварыйскіх могілках прайшло жалобнае набажэнства на магіле айца Яна Матусевіча з нагоды 10-й гадавіны яго смерці.


Aйцец Ян стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння, перш за ўсё - хрысціянскага.
У Грэка-Каталіцкім цэнтры імя Святога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзе, 6) адбылася святая Літургія, якую разам з дэканам а. Андрэем Абламейкам саслужыла мінскае грэка-каталіцкае духавенства.Айцец Ян Матусевіч — першы пробашч парафіі cвятога Язэпа (1948-1998). Hарадзіўся 24 ліпеня 1948 г. у вёсцы Коменка Мінскай вобласці. Паходзіць з беларускай праваслаўнай сям’і з уніяцкімі каранямі. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся на рэжысёрскім факультэце Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1972 г. па парадзе свайго духоўнага айца ксяндза Яна Такарскага вырашае паступіць у праваслаўную духоўную семінарыю ў Смаленску. У 1974-1979 гг., будучы праваслаўным святаром, працуе ў Смаленску, а потым у мясцовасці Маркава каля Маладзечна. У 1979 г. далучыўся да Каталіцкага Касцёла. З 1979 па 1999 гг. быў пробашчам у Барунах (Гродзенская дыяцэзія), дзе з 1988 г. пачынае цэлебраваць святую Імшу на беларускай мове. Баруны становяцца месцам пілігрымаванняў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаны ў дзяцінстве, жадалі прыняць сакрамэнт Хросту менавіта з рук айца Яна Матусевіча. 12 лістапада 1989 г. у Барунах уніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прынялі ўдзел ва ўрачыстай святой Літургіі з нагоды ўспаміну святога Язафата. Нягледзячы на тое, што службу айцец Ян цэлебраваў у лацінскім абрадзе, гэтую падзею можна лічыць першай акцыяй мінскіх уніятаў.


З 1990 г. айцец Ян з’яўляўся пробашчам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Мінску. Ім быў асвечаны крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў грамадзянаў БССР у 30-я гг. Народным камісарыятам унутраных спраў. Быў сябрам Рады Таварыства Беларускай Мовы ў Мінску з моманту яго заснаваньня. Айцец Ян, заўсёды адкрыты на дыялог з праваслаўнымі і пратэстантамі, стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускага біблійнага таварыства, у якое ўвайшлі прадстаўнікі розных канфесій.


Протапрэзбітэр Грэка-Каталіцкай Царквы на Беларусі памёр пасля цяжкай хваробы 2 верасня 1998 г. у Мінску.










All the contents on this site are copyrighted ©.