2008-08-30 10:02:33

З нашага цыклу "Біскуп Сіповіч: Сьвятар і Беларус" - працяг


Пра стаўленьне біскупа Сіповіча да беларускай мовы можа сьведчыць наступны запіс у ягоным дзёньніку, зроблены 22 лютага 1979 году, які варта падаць цалкам: «Сяньня дзень радасны: мы атрымалі 1-шы том Этымалагічнага Слоўніка Беларускай Мовы, Акадэмія Навук Беларускай ССР, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Мінск, “Навука і тэхніка”, 1978, стр. 440. Я, магчыма, першы маліўся ў капліцы з гэтай нагоды і дзякаваў Богу за гэтакі дар. Як жа нам цяжка даганяць культурны сьвет! Аднак калі б хтосьці зрабіў статыстыку, якія народы і ад якога часу маюць свае этымалягічныя слоўнікі, то думаю, што яшчэ шмат знайшлося б бяз ix. У Эўропе, аднак, – гэта ня толькі прызнак сьведамага культурнага жыцьця народу, але гэта ёсьць неабходнасьць да далейшых студыяў роднай мовы. Гэта – скарбніца найдаражэйшых дыямантаў, якія можна пераглядаць, імі цешыцца. Якую адвагу мелі першыя беларускія адраджэнцы, пісьменьнікі, паэты, палітыкі, нашыя сьвятары, што былі ў першых радох змагароў за мову! І якая ж багатая наша мова! Творцамі яе ўсе пра-пра-прадзяды, бедныя і багатыя, вучоныя і няграматныя людзі. Сколькі разоў я заглядаў у чужыя слоўнікі і шукаў пачатку слоў. Хацелася дайсьці да Адама і Эвы і даведацца, якой яны гаварылі мовай? Чаму такая прыгожая грэцкая, італьянская мова? І горка рабілася мне на душы, калі чуў пагарду да сваёй мовы. Не магу забыцца таго доктара Залускага, марыяніна, які бясстыдна, ня ведаючы сам ані прынцыпаў філялёгіі, ані больш славянскіх моваў апрача польскай, гаварыў: “Cóż to za białoruska mowa?! Toż dialekt jak mazurski, pomorski...” (Што ж гэта за беларуская мова? Гэта ж такі дыялект, як мазурскі, паморскі... – А.Н.). Быў, здаецца, 1937 год. Я тады не пагаджаўся з ім, але я ня ведаў, як яму адказаць! Я ж ніколі ня меў шчасьця добра пазнаць сваю мову ў школах сваіх родных! Але я да сьлёз любіў сваю мову і не забыўся яе, хаця гадамі жывучы ў Рыме, я ня меў да каго загаварыць свайго роднага слова. Баяўся, што забуду яе звукі, яе выгавар, што разгублю свой скарб і, знаючы іншыя мовы, стануся жабраком найбяднейшым, згубіўшы сваё! Але Ты, Божа, не дапусьціў да гэтага. І я пасьля нават пачаў пісаць i друкавацца ў сваёй роднай мове. І сяньня трымаю ў руках “Этымалагічны слоўнік” сваёй беларускай мовы! І як жа я рады знайсьці там слова Бог! на стр. 366! Значыць, праўдзівая навука, не фанатычная, не бязбожна-марксістоўская. Яна кажа, што славяне маюць слова Бог і што магчыма гэта слова праз стагодзьдзі пераклікаецца са стараіндускім багацьце, шчасьце. Так, наша навука сталася багацейшай, і мы – усе беларусы – шчасьлівейшыя. О, каб дачакаць мне яшчэ да апошняга тому! Але ўжо і за гэты я дзякую Богу і тым нашым навуковым працаўніком за гэты падарак».


У Эвангельлі сьв. Мацьвея ёсьць аповед пра маці сыноў Забэдэевых (або, як кажа Скарына, “Забэдэевічаў”), якая прасіла Госпада: “Скажы, каб гэтыя два мае сыны заселі ў Тваім валадарстве, адзін з Твайго правага, а другі зь левага боку”. Але Госпад адказаў ёй: “Ня ведаеце, чаго просіце” (Гл. Мц 20:20–22). У стаўленьні Сіповіча да закону марыянаў адчуваецца тое, што можна ўмоўна назваць “сындромам маці сыноў Забэдэевых”. Амаль усё ягонае жыцьцё было так ці іначай зьвязанае з гэтым законам. Ён адчуваў зь ім эмацыйную повязь, асабліва з Друяй, значэньне якой у рэлігійным жыцьці Беларусі расло ў ягоным уяўленьні з кожным годам. Таму нічога дзіўнага, што ў Сіповіча нарадзілася ідэя “Новай Друі”, якая працягвала б працу той Друі, дзе ён пачынаў сваё рэлігійнае жыцьцё. У 1972 годзе ў рукапіснай працы пра Андрэя Цікоту ён пісаў: «Друя – у шмат скрамнейшым стане, – жыве, моліцца і працуе такжа ў Марыян Гауз на Фінчлей». Няма сумневу, за вернасьцю да Друі хавалася іншая, больш сур’ёзная думка сьвятара і беларускага патрыёта: перакананьне, што ў марыянскіх руках Марыян Гаўз мог стаць, як ён пісаў у 1956 годзе айцу ван Страатэну, беларускім рэлігійным асяродкам на ўсю Эўропу.


На жаль, падобна як маці сыноў Забэдэевых, Сіповіч “ня ведаў, чаго прасіў”. Здарылася тое, чаго ён ніяк не прадугледзеў: пасьля ягонай сьмерці не засталося ніводнага марыяніна, які б мог узначаліць працу Беларускай Каталіцкай Місіі ў Лёндане. Усходняя Кангрэгацыя 22 студзеня 1982 году прызначыла мяне рэктарам Місіі і даручыла «спарадкаваць справы, што засталіся пасьля памерлага, у прыватнасьці тытулы ўласнасьці розных дамоў». Разбор справаў заняў блізу два гады. У сваёй апошняй справаздачы 6 лістапада 1983 году Ўсходняй Кангрэгацыі (яе копію атрымалі марыяне) я пісаў: «У выніку вышэй сказанага, я ня бачу, як можна лічыць Марыян Гаўз, бяз крыўды для беларусаў, уласнасьцю айцоў марыянаў». Марыянскія ўлады ў Рыме (сярод якіх не было ніводнага беларуса) не зажадалі нават увайсьці ў сутнасьць справы і адразу склалі пратэст ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. У тым часе беларусы мелі новага біскупа ў асобе Ўладзімера Тарасэвіча, высьвячанага 8 верасьня 1983 году. У ягоныя абавязкі ўваходзіла бараніць правы беларусаў. 23 лютага 1984 году Ўсходняя Кангрэгацыя вынесла пастанову, згодна зь якой Марыян Гаўз быў “выключнай уласнасьцю айцоў марыянаў”, з той умоваю, што «ў дадзеную хвіліну... Беларуская Місія мае права ўжываць капліцу... але не выключна, а супольна з законным і адзіным уласьнікам»173. Кангрэгацыя магла заашчадзіць сабе клопаты: амаль два тыдні раней, 11 лютага 1984 году, Тарасэвіч падпісаў з марыянамі дамову, згодна зь якой «Закон айцоў марыянаў... уласьнікі Бэльвэдэрэ, вядомага цяпер як Марыян Гаўз... здаюць у арэнду гэтую ўласнасьць за рэнту 1 даляра Яго Даст. Уладзіміру Тарасэвічу... Апостальскаму Візытатару для Беларусаў дзеля патрэбаў Беларускай Каталіцкай Місіі ў Англіі... Гэтая ўмова ўваходзіць у сілу 1 сакавіка 1984 году і аднаўляецца кожны год»174.










All the contents on this site are copyrighted ©.