З нашага цыклу "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг
Вялікдзень (паводле новага календара) прыпаў у тым годзе на 19 красавіка. Паколькі
Ўладыка яшчэ ня выйшаў з шпіталю, усім стала ясна, што бібліятэчную ўрачыстасьць трэба
адкласьці. А ў Вялікую суботу, 18 красавіка, у Лювэне памёр 88-гадовы біскуп Баляслаў
Слоскан, апостальскі адміністратар Магілеўскі і Менскі.
Уладыка пакінуў
шпіталь 8 траўня. Нягледзячы на слабасьць, наступнага дня ён захацеў служыць сьв.
Літургію, але ня мог завершыць. Выклікалі лекара. Празь некалькі дзён ён, аднак, адчуў
сябе лепш і нават намерваўся ехаць у Рым. Замах на жыцьцё папы Яна Паўла II 13 траўня
змусіў яго адкласьці паездку. Пастанавілі адсьвяткаваць юбілей бібліятэкі ў нядзелю
4 кастрычніка, а потым Уладыка меў ляцець у Рым.
У нядзелю 5 ліпеня Ўладыка
Чэслаў старшыняваў на Службе Божай, у якой бралі ўдзел блізу 20 сьвятароў розных нацыянальнасьцяў
з Усходняй і Сярэдняй Эўропы, у гонар сьвятых апосталаў славянскіх Кірылы і Мятода,
якіх папа абвясьціў патронамі Эўропы разам зь сьвятым Бэнэдыктам. У сваёй казані ён
падкрэсьліў, што перад тым, як брацца за справу еднасьці, трэба, каб кожны пазбыўся
сваіх перадузятасьцяў, якія перашкаджаюць у гэтай працы.
Нягледзячы на
стан здароўя і занятасьць, Уладыка Чэслаў прыняў запрашэньне на 31-шы Кангрэс “Царква
ў патрэбе” (Kirche in Not), што меў адбыцца ў Кэнігштайне каля Франкфурту 6–9 жніўня
1981 году. Ён нават падрыхтаваў кароткі даклад пра стан Царквы ў Беларусі, які пасьля
распаўсюджваўся сярод удзельнікаў кангрэсу. Традыцыйна адзін дзень кангрэсу прысьвячаўся
ўсходнім хрысьціянам i пачынаўся ўрачыстай архіерэйскай Літургіяй. Звычайна Літургію
служыў украінскі біскуп зь Мюнхэну Платон Карныляк. Гэтым разам служыў Уладыка Чэслаў.
Вярнуўся з кангрэсу стомлены, але адпачываць не заставалася часу: ужо набліжалася
4 кастрычніка. Узьніклі нечаканыя цяжкасьці. На пачатку верасьня Ян Міхалюк, старшыня
Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі і блізкі прыяцель Уладыкі, перанёс інсульт:
у яго адняло мову і спараліжавала правую руку. На шчасьце, інсульт быў не цяжкі, і
да канца месяца Міхалюк дастаткова паправіўся, каб узяць удзел у юбілеі бібліятэкі.
У
нядзелю 27 верасьня адбылася “пілігрымка крыжоў” (Pilgrimage of Crosses) у Ўолсінгам,
месца асаблівага набажэнства да Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Англіі. У пілігрымцы ўдзельнічалі
пятнаццаць нацыянальных групаў з краінаў, дзе панаваў камуністычны рэжым. Уладыка
Чэслаў ачольваў беларускую групу, а ў самім Ўолсінгаме вёў усю пілігрымку з цэнтру
горада да сьвятыні Багародзіцы. Каля яе прайшла Служба Божая. Пры гэтай нагодзе Ўладыка
сказаў: «Мы выказваем нашую салідарнасьць з хрысьціянамі ўсіх нацыянальнасьцяў, што
церпяць перасьлед, і прыносім наш боль да Багародзіцы, якая зьяўляецца Маці нас усіх».
Нягледзячы на стомленасьць, Уладыка вярнуўся вельмі шчасьлівы.
Нарэшце
прыйшла нядзеля 4 кастрычніка. Дзень выдаўся наўзьдзіў прыгожы, цёплы й сонечны. Уладыка
Чэслаў устаў рана, пайшоў памаліцца ў капліцу і падрыхтавацца да багаслужбы. Каля
гадзіны 10-й раніцы пачалі зьбірацца госьці. Капліца сьвятых Пятра і Паўла ніколі
яшчэ ня бачыла гэтулькі людзей – беларусаў і іхных прыяцеляў – з Англіі, Францыі,
Бэльгіі, Нямеччыны, Польшчы, Злучаных Штатаў Амэрыкі й Канады.
Літургія
распачалася а гадзіне 10.30 раніцы. Хор пад кіраўніцтвам Гая Пікарды сьпяваў вельмі
прыгожа. Пасьля Эвангельля Ўладыка прамовіў казань па-беларуску і па-ангельску. Ён
гаварыў аб праве кожнай нацыі разьвіваць свабодна дадзеныя ёй Богам таленты і такім
чынам дасягнуць паўнаты свайго духоўнага патэнцыялу ў межах сваёй уласнай традыцыі.
Пасьля
Літургіі і наведваньня бібліятэкі меў адбыцца прыём. Уладыка Чэслаў прывітаў прысутных
і падзякаваў усім, хто сваёй ахвярнасьцю і разуменьнем важнасьці справы зрабіў магчымым
паўстаньне, існаваньне і разьвіцьцё бібліятэкі. Гэта былі ягоныя апошнія словы. Уладыка
Чэслаў сеў, неяк асунуўся і зьнепрытомнеў. Выкліканы амбулянс завёз яго ў шпіталь,
дзе ён неўзабаве памёр ад масіўнага інфаркту. Айцец Надсан заставаўся зь ім у гэтыя
апошнія хвіліны і даў яму разграшэньне.
У такіх драматычных абставінах
скончыў свой зямны шлях Уладыка Чэслаў Сіповіч. Ён памёр у момант аднаго з сваіх найбольшых
трыюмфаў. Разважыўшы добра, Уладыка спаткаў прыгожую сьмерць: ён памёр хутка і бяз
доўгіх пакутаў, у згодзе з Богам, у атачэньні прыяцеляў і ўбачыўшы вынікі сваіх высілкаў.
Але зразуменьне гэтага прыйшло пасьля. У той момант, калі ўсё здарылася, усе былі
ў шоку, разгубленыя і апанаваныя болем вялікай страты.
Пахаваньне біскупа
Сіповіча адбылося 13 кастрычніка ў мясцовай каталіцкай царкве сьвятога Альбана, бо
капліца сьвятых Пятра і Паўла не магла зьмясьціць усіх, хто прыйшоў аддаць апошнюю
пашану памерламу. Літургію служыў архімандрыт Уладзімер Тарасэвіч разам з айцом Аляксандрам
Надсанам і чатырма іншымі сьвятарамі. Біскуп Патрык Казэй прадстаўляў ангельскую герархію,
а Філіп Гарвэй – архібіскупа Ўэстмінстэрскага, кардынала Базыля Гюма, якога тады не
было ў Лёндане. Сабралася шмат марыянаў і іншых сьвятароў рымскага абраду, a таксама
сьвятары Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы: айцы Аўген Смаршчок, Ян Абабурка
і Ян Пякарскі. Пасьля Эвангельля прамаўляў біскуп Казэй. У канцы Літургіі казань па-беларуску
сказаў айцец Надсан, a па-ангельску – айцец Тарасэвіч. Апошняе разьвітаньне ў рымскім
абрадзе выканаў біскуп Казэй з усімі сьвятарамі рымскага абраду; разьвітальныя малітвы
ў бізантыйскім абрадзе – разам усе грэка-каталіцкія і праваслаўныя сьвятары. Пасьля
пад сьпеў “Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі” дамавіну
зь целам біскупа Сіповіча вынесьлі з царквы і завезьлі на могілкі сьв. Панкрата на
пахаваньне. Пры магіле прамаўляў старшыня Згуртаваньня Беларусаў Ян Міхалюк. Пасьля
ўсе беларусы засьпявалі “Магутны Божа”, а прысутныя сьвятары рымскага абраду песьню
ў гонар Божай Маці “Salve Regina” (Вітай, Уладарка). Біскуп Сіповіч знайшоў супачынак
побач з айцамі Гарошкам, Падзявам і Германовічам.