2008-08-11 11:53:39

НАВУЧАЛЬНЫ ГОД:Папскi Урбанiянскi унiверсiтэт i каталіцкая Фундацыя “Мiсна” cтварылі майстар-клас па падрыхтоўцы прафесіяналаў СМI.Спадзяемся, што будуць у Рыме студэнты і з Беларусі, дык урэшце зможам мець і ў нашай рэдакцыі практыкантаў - нам на дапамогу і слухачам на радасць.


Заняткi пачнуцца ў лiстападзе 2008 года, а скончацца ў снежнi 2009 года. Зазначым, што ў Італіі да нядаўняга часу не існавала факультэтаў журналістыкі, а толькі так званыя "сацыяльныя камунікацыі". Для выпускнікоў з рознымі спецыялізацыямі ў галіне тэалёгіі, філасофіі, мастацтвазнаўства і будуць адцяпер праводзiць майстар-класы ў славутым "Грыгарыянуме", дзе на ф-тах тэалёгіі і мастацтвазнаўства ўжо правучылася за апошнія 10 год з некалькі соцень выхадцаў з СНГ і Беларусі таксама. Новы "Майстар" дае першы ўзровень ў галiне СМІ ў культурным ды мiсiянарскiм кантэкстах. Курс навучання мае на мэце падрыхтоўку спецыялiстаў для ўсяго света, праходзiць яго будуць маладыя законнiкi i законнiцы, а таксама свецкiя вернiкi, якiя збiраюцца прысвяцiць сябе мiсiянарскай дзейнасцi, праблемам супольнага iснавання розных культур i межрылiгiйнаму дыялогу. Падчас навучання слухачы набудуць тэарытычныя, этычныя, сацыяльна-антрапалагiчныя i iншыя веды, у тым лiку, лепей пазнаёмяцца з дзейнасцю Царквы. У той жа час, арганiзатары майстар-класа прадставяць навучэнцам магчымасць атрымання практычных ведаў у галiне логiкi вытворчасцi, заснаванне i эканамiчных магчымасцей выдавання перыёдыкі, радыё i тэлебачання у разнастайным культурным і нацыянальным асяроддзi. Майстар-клас разлiчаны на трынаццаць месяцаў. Курс складаецца з 432 гадзiн лекцый i семiнараў i 84 гадзiн лабараторных працаў.
У першай частцы курса будуць праводзiцца агульныя базавыя лекцыi, а потым кожны студэнт будзе мець магчымасць абраць уласны сектар спецыялiзацыi: друк i арганiзацыя працы перыядычных выданняў цi агенстваў; тэлеаўдыё-камунiкацыйныя сродкi; супрацоўнiк i журналiст на радыё, ТБ i ў iнтэрнэте.
У летнiя i восеньскiя месяцы 2009 года студэнты пройдуць 100-гадзiнную практыку пры розных італьянскіх і ватыканскіх СМI, якiя супрацоўнiчаюць з мастер-класам. На прыканцы курса яго навучэнцы павiнны прадставiць адпаведную навуковую працу цi нейкi гатовы матэрыял iнфармацыйнага характара, надрукаваны, альбо ў аудыё цi вiдэа выглядзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.