2008-07-31 11:34:29

У католiкаў Казанi будзе свой касцёл.


Дэкан калегii кардыналаў, былы Дзяржаўны сакратар Ватыкану, кардынал, Анджело Содано, 28 жнiўня асвяцiць новапабудаваны касцёл Узнясення Святога Крыжа ў г.Казанi. Аб гэтым паведамiў бiскуп у Саратаве Клеменс Пiккель. “У маёй дыяцэзii гэта першы касцёл, пабудаваны гарадскiмi ўладамi, за што я iм вельмi ўдзячны”, - сказаў бiскуп.
Па ягоных словах, у адрозненнi ад iншых рэлiгiйных аб’яднанняў Казанi, якiм былi звернуты старыя культавыя будынкi, католiкi свой стары храм атрымаць назад не здолiлi – у iм цяпер знаходзiцца лабараторыя Казанскага дзяржаўнага тэхнiчнага унiверсiтэта iмя Тупалева, а ў цэнтральным нефе касцёла ўсталявана аэрадынамiчная труба. Гарадскiя ўлады прапанавалi католiкам пабудаваць новы храм, i ў 1999 годзе выдзялiлi месца для яго будаўнiцтва ў цэнтры горада.
Па словах монс. Пiккеля, улады не толькi ўзвялi будынак, але i правялi яго ўнутранае аздабленне, усталявалi вiтражы ў вокнах. “Я быў прыемна здзiўлены, калi прадстаўнiкi мэрыi прапанавалi таксама i ўсталяваць арган”, - дадаў бiскуп.
Парах казанскай парафii святар Дыягенiс Уркiза заклiкаў католiкаў малiцца аб тых, “хто зрабiў гэту радасную ўрачыстасць магчымай”.
“Я шчаслiвы, што праз 150 гадоў з моманту асвячання першага каталiцкага касцёла, закрытага i канфiскаванага ў гады атэiзму, па Божаму Провiду ў Казанi зноў адроджанай парафii давялося яшчэ раз адчынiць дзверы прыгожага новага будынку”, - адзначыў святар.
Католiкi сярод жыхароў Казанi былi ўжо ў XVIII° стагоддзi. Першымi казанцамi каталiцкага веравызнання былi немцы – чыноўнiкi з прыбалтыйскай шляхты цi тыя, што паходзiлi з Германii i рамеснiкi. Каталiцкае насельнiцтва горада i наваколля пачало хутка павялiчвацца пасля акупацыi Расейскай iмперыяй беларускiх, лiтоўскiх i польскiх земляў. З гэтага часу немцы складалi толькi невялiкую частку казанскiх вернiкаў.
У лютым 1835 года ў Казань прыехаў першы каталiцкi святар для сталага служэння. Першы касцёл тут быў асвячаны 1 лiстапада 1858 года. У 1927 годзе яго канфiскавалi. Наступны раз каталiцкая парафiя была зарэгiстравана ў Казанi ў 1995 годзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.