2008-07-19 11:51:29

Біскуп Чэслаў Сіповіч - Сьвятар і Беларус


Два гады пасьля, 16 ліпеня 1974 году, на ўрачыстасьць Маці Божае “Шкаплернае”, нягледзячы на век і нямогласьць, ягоная маці яшчэ магла пайсьці ў касьцёл у Ідолту. Між тым Чэслаў выслаў на ейнае імя чарговую пасылку. 27 ліпеня ён пісаў: «Я ўжо атрымаў аткрытку ад Петруся, які пісаў i аб тым, што Мама атрымала маю пасылку. Няхай Мама падзеліць рэчы так, як сама ўважае i жадае, i няхай ніхто на нікога не крыўдуе... Я ня ведаю, хто з нашай сям’і патрабуе больш або менш... Дарагая мама, цалую Цябе горача i ўсіх вас: Фэлю, яе мужа, сям’ю Вінцуся, Януся i ўсіх; усіх, хто толькі крыху мяне помніць, як найшчырэй вітаю. Шануй свайго здароўя, Дарагая Мама, а можа яшчэ i спаткаемся». Гэта быў ягоны апошні ліст да мамы: 26 кастрычніка, у веку 84 гадоў, яна адышла туды, дзе “няма больш ні болю, ні суму, ні плачу”, каб там чакаць сустрэчы з сынам.


Пятрусь паехаў на пахаваньне мамы i апісаў яго Чэславу, за што той быў яму ўдзячны. 17 сьнежня ён пісаў Петрусю: «Атрымаў здымкі з пахаронаў Мамы... Вельмі i шчыра дзякую. Прызнаюся, што моцна перажыў сьмерць Мамы. Здавалася, што згубілі мы беспаваротна найдаражэйшае ў сьвеце. Я ведаю, як моцна кахала яна нас ycix. Яна была гордая з нас, хаця мела права i крыўдаваць. Ня мела яна асьветы, але ўмела цешыцца з нашай навукі. Трэба нашым бацьком паставіць – хаця скромны – памятнік, але з беларускім напісам. Я не магу зразумець Марцілёнчышак (стрыечныя сёстры. – A.H.), якія зрабілі памятнік бацькам i зьняважылі ix чужынецкім напісам».


Крыху раней, 15 сакавіка, Уладыка Чэслаў пісаў брату Янусю пра помнік на магіле бацькі: «Ці паставілі вы хоць скромны памятнік нашаму Тату? Калі не, дык пастарайцеся паставіць, але напіс павінен быць у яго роднай мове, у беларускай».


Пасьля сьмерці маці Ўладыка Чэслаў падтрымліваў найбольш сувязь з сваімі пляменьнікамі Данусяй i Чэсем. Крыху пазьней пачаў пісаць да яго таксама сын Вінцуся Баляслаў, або Болесь. У сваім першым лісьце за 18 сакавіка 1978 году ён пісаў: «Нас, дзядзя, тут (ён вучыўся ў Дзьвінску. – A.H.) вучаць па-руску... Дый у школе (г. зн. у Дзедзінцы. – A.H.) пісалі больш па-руску. Размаўляем мы так як i размаўлялі пры вас, па-беларуску. Ну, пастараюся пісаць на сваёй роднай мове». Між іншага Болесь добра ведаў пра апошнюю моду сярод моладзі на Захадзе. У верасьні 1979 году ён прасіў Уладыку Чэслава: «Дзядзя, я Вас прашу, калі можаце, прышліце мне дзьве пары джынсаў фірмы “Левіс Страус”, “Врангель” або “Аляска”, якія там будуць... У нас нічога такога нет».


Уладыка любіў атрымліваць лісты ад пляменьнікаў. Яго цікавіла ўсё: іхнае жыцьцё, навука, пляны на будучыню. Найчасьцей пісала Дануся. Яна скончыла ў 1978 годзе мэдычную вучэльню, працавала мэдсястрой i вучылася вечарамі – хацела паступіць у мэдычны інстытут. Сярод іншых рэчаў Уладыку Чэслава i ягоную пляменьніцу лучыла любоў да паэзіі, i яны часта дзяліліся думкамі пра любімых паэтаў. Уладыка нават прызнаўся Данусі, што некалі сам спрабаваў пісаць вершы. Ён таксама пасылаў на ейнае імя пасылкі з падарункамі для ўсёй сям’і, кажучы, каб яна дзяліла ix, як знае лепш, “толькі з любоўю i растаропна”. Безумоўна, ён не забываўся й пра іншых. У 1978 годзе, апрача Дануты, ён выслаў пасылкі Болесю i сястры Фэлі. Дарэчы, Фэля і ейны муж Сатурнін прыслалі ў 1977 годзе Ўладыку Чэславу прывітаньні з нагоды... 1 мая! Пісаў бясспрэчна Сатурнін. Вось даслоўны тэкст: «Ваша Эксцэленцыя, Паздравляем вас с международным днем 1-е мая, жадаем здароуя i доугіх год у вашай плоннай працы, у імя Хрыста! Жадае Фэля i Сатурнін».


Як толькі маладыя Сіповічы сканчалі школу ў Дзедзінцы i выяжджалі ў гарады для далейшай навукі ці працы, яны траплялі ў расейскамоўнае асяродзьдзе i зь беларускай мовай у іх пачыналіся праблемы. Яны гэта самі разумелі. Дануся пісала 19 сьнежня 1977 году: «Прабачце, калі што ня так, крыху прызабываю беларускую мову. Зьдзіўляюся, як гэта дзядзя так добра яе памятаеце».


Што да беларускай мовы, тут Уладыка Чэслаў быў непахісны. У 1977 годзе ён прасіў Данусю зрабіць здымкі помніка на магіле сваіх бацькоў. У лісьце за 19 сьнежня тая паведамляла, што здымкі зрабіла, але яшчэ ня пасьпела праявіць плёнку бо «ў нас на дзярэўні з гэтым ня так i проста». Уладыка Чэслаў адказаў на пачатку 1978 году (дакладная дата адсутнічае): «Калі на магіле маіх дарагіх бацькоў зрабілі напісы ў чужой мове, а не ў сваёй роднай, дык лепш мне фатаграфіі не прысылайце... У нашай мове столькі цудоўных рэчаў, напісаных Купалам, Коласам, Багдановічам, Быкавым i іншымі, а мая дарагая Філюня (сястра Фэля. – А.Н.) усцяж плача, што я не пішу да яе ў чужой мове, якую накінулі нам чужыя ксяндзы».


Рэч у тым, што ў міжчасе Ўладыка Чэслаў атрымаў ліст ад Марыі Жвірблі, якая езьдзіла ў Беларусь, была ў Дзедзінцы і наведала могілкі, дзе пахавалі ягоных бацькоў. Яна паведамляла, што ўсе напісы на помніках там на польскай мове (з выняткам адной магілы “нейкага актывіста”, дзе напіс зроблены па-расейску). Гэта й ня дзіўна: сьвятаром у парафіі Ідолта, да якой належала Дзедзінка, быў паляк марыянін Баляслаў Заёнц. У тым лісьце Марыя прасіла прыслаць малітаўнікі на беларускай мове, а то людзі моляцца па-польску, паўтараюць на памяць словы, не разумеючы ix.










All the contents on this site are copyrighted ©.