2008-07-16 14:12:06

"Беларускі Сыднэй" праз тэлемост сустракаецца з Папам


Мястэчка Івянец з 18 да 20 ліпеня стаецца месцам сустрэчы з Папам Бэнэдыктам XVI пры дапамозе тэлемосту з Аўстраліі.
Моладзь з усяго свету кожныя некалькі гадоў збіраецца ў розных краінах і на розных кантынентах, каб яднацца ў малітве разам з Папам. Сёлета Сусветны дзень моладзі адбываецца ў Сіднэі (Аўстралія). З Беларусі прымае удзел група моладзі з некалькіх чалавек на чале з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам.Паколькі ў далёкую Аўстралію змагла паехаць абмежаваная колькасць беларускай моладзі, а ахвотных перажыць Сусветную сустрэчу моладзі разам з Папам Бэнэдыктам XVI у сотні разоў больш, было вырашана арганізаваць свой уласны «беларускі Сіднэй». Ім стала мястэчка Івянец (60 км ад Мінска) на тэрыторыі Мінска-Mагілёўскай архідыяцэзіі. «Беларускі Сіднэй» з 18 да 20 ліпеня стаецца сапраўдным месцам малітвы, радасці і сустрэчы з Папам Бэнэдыктам XVI. Маладыя людзі змогуць сустрэцца з ім з дапамогай тэлемаста, які спалучыць Івянец і Сіднэй. Адбудзецца два прамых уключэнні: у суботу 19 ліпеня а 11.00 гадзіне, калі адбудзецца вігілія разам са Святым Айцом, і а 2.00 гадзіне ўначы 20 ліпеня, калі Папа будзе цэлебраваць урачыстую Літургію, прамовіць казанне, а таксама абвесціць дату і месца правядзення наступнага Сусветнага дня моладзі. Спецыяльна для гэтага будзе ўстаноўлены вялікі светадыёдны экран.
Кожная дыяцэзія (у Беларусі іх 4) падрыхтавала сваю прэзентацыю. Формы прэзентацый розныя: пачынаючы ад музычнай і заканчваючы візуальнай.Падчас Міждыяцэзіяльнага дня моладзі ў Івянцы адбудуцца таксама адмысловыя катэхезы. Адну з іх прамовіць да беларускай моладзі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Святую Імшу 19-га ліпеня а 19.00 гадзіне будзе цэлебраваць кардынал Казімір Свёнтэк, а заключную святую Імшу 20-га ліпеня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.







All the contents on this site are copyrighted ©.