2008-07-15 13:14:19

Грэка-католiкi Беларусi пратэстуюць супраць паказа анты-каталiцкага фiльма па Першым канале нацыянальнай тэлерадыёкампанii.


Вернікі Гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай звярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніцтва Першага нацыянальнага канала тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Падставай да звароту стала дэманстрацыя на згаданым канале “Летапісу часоў” фільма, прысвечанага Берасцейскай уніі.
“У фільме пад выглядам гістарычных фактаў гледачу прапаноўваліся далёкія ад гістарычнай праўды міфы і ідэалагічныя штампы савецкіх часоў пра гісторыю Уніяцкай царквы і яе дзейнасць. Грэка-каталіцкая Царква, айцы-езуіты, а таксама Апостальская сталіца былі чамусцi паказаныя як выключна варожыя беларускаму народу. У той жа час станоўча, як абаронца беларускага народа, была паказана такая неадназначная з’ява, як казацтва і яго правадыры, хаця ж гісторыкам добра вядомыя факты знішчэння і рабавання казацкімі войскамі (у розныя перыяды гісторыі) многіх гарадоў Беларусі (у тым ліку Жыровічаў) з іх цэрквамі, манастырамі і святынямі...” —  гаворыцца ў лісце.
Вернікі лічаць, што аўтары фільма ствараюць глебу для парушэння рэлігійнага міру ў краіне, настройваючы праваслаўных братоў супраць грэка-католікаў. Аўтары ліста падкрэсліваюць асаблівую недарэчнасць з’яўлення такога фільма падчас афіцыйнага візіту ў Беларусь Дзяржсакратара Ватыкана кардынала Тарчызіо Бертонэ і чакаюць тлумачэнняў з боку кіраўніцтва Першага нацыянальнага канала.
Душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў а.Андрэй Крот кажа: “Мы здзіўленыя з’яўленнем гэтага фільма, таму што з вуснаў афіцыйных асобаў, у тым ліку супрацоўнікаў апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, мы атрымліваем высокую ацэнку ўкладу нашай Царквы ў гісторыю і культуру беларускага народа. Вядома, гісторыя Уніі складаная, але гэта поле для працы гісторыкаў, а не прапагандыстаў”.
Зварот падтрымалі вернікі грэка-каталіцкіх парафій Брэста, Ліды, Івацэвічаў. Адкрыты ліст накіраваны таксама ў розныя перыядычныя выданнi.







All the contents on this site are copyrighted ©.