2008-07-12 10:19:33

З нашага цыклу "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"


У нашым лесе вельмі многа грыбоў i ягад. Я ягады ня вельмі люблю зьбіраць, a вось грыбы. Прыйдзеш у лес посьле дожджыку, расхінеш галінкі дрэў, i пачнеш ножыкам зразаць баравікі i падасінавікі. Яшчэ больш я люблю лавіць рыбу. Рана да ўсходу сонца прыедзеш на рэчку. Рыба бярэцца добра вясной. Прыду са школы ў часы тры i паехаў на ровары. Да вечара нацягаеш вядро плотак i вясёлы варочаешся дамоў». У сьнежні Чэсь напісаў другі ліст. Разам зь ім быў таксама ліст ад Данусі: «Піша дзядзю пляменьніца Дануся. Хаджу я ў шосты клас. Вучуся я добра... Дома я дапамагаю маме, мыю пасуду, прыбіраю ў хаце, даглядаю кветкі. Кветкі я вельмі люблю. У нас каля хаты летам прыгожа, як зацьвітуць... Яшчэ я люблю беларускую літаратуру. Я вывучаю вершы Янкі Купалы i Якуба Коласа... Ну, вот i усё, закончылася маё пісьмо, пісаць болі няма чаго, бо Чэсік пісаў. А я захацела напісаць ад сябе i вот напісала... Я вельмі жалею, што дзядзю ніводнага разу не бачыла. Мне вельмі хацелася б пабачыць дзядзю. Я як вырасту, тады можа прыеду да дзядзі. Цяпер ужо ўсё. Пішы, калі ласка, дзядзя, я таксама буду пісаць. Я старалася напісаць многа, каб дзядзю было больш чытаць».
Янусь таксама напісаў некалькі слоў: «Напішу я пара слоў да цябе, браток. Пражыў я ўжо 50 гадов. Досыт давно як мы с табой расталісь, добра адно я помню, что брат казав, что ня тут наша вечнасьць, а там, а там. Гэта ты мне казав у кляштары. Вот i надышов гэта час, что спаткаемся на тым свеці... Бацька дужа любів цебе, тваю фатаграфію насіў коло грудзей аш покі сам памёр».
Гэтыя лісты прынесьлі Ўладыку Чэславу шмат радасьці. Яны сьведчылі, што Янусь, жыцьцё якога выдалася нялёгкім, быў добрым бацькам i хацеў даць дзецям тое, чаго сам не атрымаў. 2 сакавіка 1974 году ён пісаў Чэславу (пісала за яго Дануся): «Сям’я ў мяне, ты напэўна ведаеш, вялікая. Мой сын Чэслаў паступаў у Мінск у палітэхнічны інстытут, але яму не ўдалося паступіць. Цяпер вучыцца ў Шаркаўшчыне на шафёра, a потым будзе яшчэ куды-небудзь паступаць. Старэйшая мая дачка Дануся ходзіць у сёмы клас. Вучыцца добра. Мой сын Франак яшчэ толькі пайшоў у школу на падгатоўку, а малодшай дачцы Тарэсцы 5 сакавіка будзе два гады. Працую я адзін на пецярых (Янусёва жонка Альдона доўгі час хварэла. – А.Н.). Праўда, жыць цяжкавата, але што зробіш, усе мае i нада як-небудзь жыць. Дзякуй табе вялікі, браток, за тое, што ты мне вельмі добра дапамог... Я з кожным днём слабею, а да пенсіі яшчэ шэсьць гадоў... Ужо сын i дачка вялікія і абодва просяць, каб купіў то тое, то другое. I малых трэба адзець. Усіх нада адзець, а я ўжо выбіўся з сіл».
У лютым 1973 году Чэслаў атрымаў ліст ад брата Вінцуся: «Прашло многа часу, калі ты казаў тату ў Тычкаў, спаткаемся ў небе. Тады я быў зусім маленькі i мала помню цябе... А цяпер пра сваю сям’ю. Сям’я мая налічвае пяць чалавек. Жонка, дачка, зваць яе Ліля, старэйшы сынок Болік, яму 11 гадоў, Віця сярэдні, яму пашоў шосты годзік. Пастроіў я сабе хату, дзе быў ток Станевіча. А дзе была ягоная хата, цяпер магазін. У Дзедзінцы новасьцей нет благіх, толькі добрыя. Старыя ўміраюць, a маладыя жэняцца, так i жывем у сваім родным калгасе... Мама чуецца сабе добра, а Фэлі здароўе так сабе, часта хварэіць. У мяне здароўе таксама нядужа добрае... Працую ў сваім калгасе шафёрам. Болік ходзіць у чацьверты клас, вучыцца добра. Праўда, цяпер у нас зіма, лужы пакрыліся лёдам i Болік увесь свабодны час аддае канькам. Праўда, многа чытае кніг. Калі мы з Алай пойдзем на работу, то ён астаецца за гаспадара дома, глядзіць Віцю і Лілю. Дзеці гадуюцца добра, не хварэюць. Толькі Віцька часта з Франакам (малодшы сын Януся. – А.Н.) сорацца самі сабой за цацкі. Ha гэтым я свой маленькі ліст канчаю... Прымі прывітаньне ад нас усіх. Цалуем цябе я i ўся мая сям’я. Заўсёды з табою. Вінцусь».
У старой хаце, пасьля таго як зь яе выйшаў Вінцусь зь сям’ёю, засталіся маці й Фэля, якая яе даглядала. 12 жніўня 1974 году яна пісала Чэславу: «Я хоць, дарагій брат, шпаркая, як калісь быў наш тата, но маму жалею». Дарэчы, яна пачала ліст па-польску, але ў палове перайшла на беларускую мову: відаць, польская давалася ёй ужо цяжка. Яна, аднак, да канца не магла зразумець, як гэта такая важная асоба, як ейны брат Чэслаў, піша на “простай” мове. Фэля часта хварэла, i ёй было нялёгка даглядаць маму i займацца гаспадаркай. У 1971 годзе яна зноў выйшла замуж, узяўшы ў прымы мужа зь незвычайным імем “Сатурнін”. У лісьце да Чэслава пісала: «Мной цяпер рукаводзіць мама i мужык Жылевіч Сатурнін, каторый са мной жыве i дровы сячэ но i так далей».
Мама заўсёды была для Ўладыкі Чэслава найдаражэйшай асобай на зямлі. 11 студзеня 1972 году ён пісаў ёй: «Хто ведае, можа гэта ўжо апошні мой ліст да Цябе. Прымі ж тады ад мяне, Твайго сына, які з Божай ласкі стаўся біскупам, найшчырэйшую падзяку за Твае труды, цярпеньні, за Твае малітвы, зь якімі Ты нас узгадоўвывала. Твой прыклад жыцьця, Твая вера ў Божую помач астаецца для мяне назаўсёды праводняй зоркай. О, як я жадаў бы быць з Табою, пацалаваць Твае матчыны мазольныя рукі, сказаць Табе: “Мама, я Цябе кахаю, хоць i вельмі рэдка да Цябе пішу! Мама, калі ня тут на зямлі, дык мы павінны спаткацца ў вечным шчасьці, да якога мы ўсе пакліканыя!..”»








All the contents on this site are copyrighted ©.