2008-06-28 09:31:02

Кардынал Каспэр падкрэсьліў значэньне Году Сьвятога Паўла


28 чэрвеня 2008 г. у Рыме Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць афіцыйнае адкрыццё года святога Паўла. 22 чэрвеня бягучага года старшыня Папскай Рады садзейнічання хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер распачаў год святога Паўла ў турэцкім Тарсе — месцы нараджэння Апостала Народаў.

Урачыстасць інаугурацыі года святога Паўла адбылася ў святыні, пабудаванай у часы крыжовых паходаў, у будынку якой на сённяшні дзень знаходзіцца музей. Кардынал Вальтэр Каспер у сваім інтэрв’ю для Радыё Ватыкана выказаў надзею, што «турэцкія ўлады дадуць дазвол на будаўніцтва ў Тарсе касцёла, і шматлікія хрысціяне прыбудуць у гэтым годзе ў Турцыю слядамі святога Паўла, несучы дапамогу сваім братам у веры».

Старшыня Папскай Рады нагадаў, што Турцыя з’яўляецца «адной з калысак хрысціянства», дзе жылі многія айцы Касцёла і адбываліся Саборы першых вякоў, падкрэсліўшы, што «на тэрыторыі сучаснай Турцыі засталіся сляды вельмі багатай гісторыі хрысціянства».

На пытанне пра значэнне юбілейнага года для экуменічнага дыялогу, кардынал Вальтэр Каспер адказаў: «Святы Павел быў сведкам Езуса Хрыста і гэта мае асноўнае значэнне для ўсіх Яго вучняў. Месцы, дзе ён навучаў, сёння звязаны з прысутнасцю праваслаўя: Турцыя, Кіпр, Грэцыя. З іншага боку, яго пасланні, на думку пратэстантаў, з’яўляюцца стрыжнем Новага Запавету. Навука Паўла пра апраўданне з’яўляецца супольнаю спадчынай галоўных групаў хрысціянства і ўказвае нам сёння на цэнтр хрысціянскага паслання: на Езуса Хрыста, Яго смерць і ўваскрасенне, навуку аб ласцы».









All the contents on this site are copyrighted ©.