2008-06-27 13:40:48

Кардынал Бертоне заявiў, што будуць праведзены супольныя ватыканска-украiнскiя даследваннi Голадамору.


Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызiо Бертоне паведамiў аб магчымасцi правядзення разам з украiнскiмi ўладамi супольных даследванняў па аналiзу абставiнаў Голадамора, якi быў iнспiраваны савецкай уладай у 30-я гады мiнулага стагоддзя.
“Сёння розныя iнстанцыi, украiнскi ўрад i сам Прэзiдэнт просяць аб магчымасцi правядзення даследванняў пры пасрэднiцтве стварэння навуковых камiсый дзеля таго, каб прааналiзаваць iснуючыя дакументы аб гэтых фактах, а таксама аб спробах дапамогi з боку Каталiцкай Царквы, Святога Пасаду ў тыя часы”, - заявiў кардынал Бертоне ў iнтэрв’ю Радыё Ватыкана пасля наведвання Украiны.
Па ягоных словах, гэтыя даследваннi i абмен гiстарычнымi дадзенымi “ахопяць усю гiсторыю Украiны, як гэта звычайна робiцца з мэтай аднаўлення дадзеных аб краiнах, што мелi зносiны са Святым Пасадам, i асаблiва са Свяцейшым Айцом”.
“Трагедыя Голадамора вельмi востра ўспрыймаецца ўкраiнскiм народам i ўладамi ў першую чаргу таму, што, як мы ведаем, яна прывяла да смерцi мiльёнаў людзей”, - адзначыў Дзяржаўны сакратар Ватыкану. Пры гэтым ён дадаў, што, па меркаванню некаторых даследчыкаў i “па меркаванню ўкраiнскага ўрада, неўраджай быў справакаваны менавiта з мэтай знiшчэння ўкраiнскага народа”.







All the contents on this site are copyrighted ©.