2008-06-17 12:49:32

Міжнародны Эўхарыстычны Кангрэс у Канадзе


15 чэрвеня 2008 г. у Канадзе распачаўся 49 Міжнародны эўхарыстычны кангрэс пад лозунгам «Эўхарыстыя — Божы дар для жыцця свету». Кангрэс прымеркаваны таксама да святкавання 400-годдзя заснавання французскімі каланістамі горада Квэбек і 350-годдзя ўстанаўлення ў ім найстарэйшай ў Паўночнай Амерыцы дыяцэзіі. Міжнародны эўхарыстычны кангрэс працягнецца да 22 чэрвеня.
Падчас святой Імшы, якая адбудзецца на заканчэньне Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI па сатэлітарнай сувязі злучыцца з яго удзельнікамі і скажа казаньне.
Месца правядзення сёлетняга Кангрэса было выбрана яшчэ ў 2004 г. Янам Паўлам ІІ. Сёння Квэбек — гэта не толькі найстарэйшы горад Паўночнай Амерыкі, але і найстарэйшаю біскупскаю сталіцаю. Дзеля гэтага Квэбек называюць таксама сталіцаю Прымаса. Менавіта ў гэтым канадскім горадзе распачалася евангелізацыя Паўночнай Амерыкі. Прымас Канады кардынал Марк Уэлле падкрэсліў, што гэты Кангрэс — добрая магчымасць для Касцёла і грамадства, каб аднавіць сваё хрысціянскае паходжанне.

Першы Міжнародны эўхарыстычна кангрэс праходзіў у Лілле (Францыя) з 28 па 30 чэрвеня 1881 годзе. У Кангрэсе прымалі ўдзел каля 8 тысяч чалавек. Паводле захаваўшыхся хронік у эўхарыстычнай працэсіі ўдзельнічала 4 тысячы мужчын, галоўным чынам з Еўропы, абедзвюх Амерык і Азіі. Папа Леў ХІІІ падтрымаў ініцыятыву арганізацыі кангрэсаў і заахвоціў практыкаваць іх і ў будучым.
З таго часу ў Каталіцкім Касцёле адбылося 48 Міжнародных эўхарыстычных кангрэсаў. Напачатку яны арганізоўваліся кожны год, у міжваенны перыяд — праз кожныя два гады, а пасля Другой сусветнай вайны — праз 4 або 5 гадоў. Апошні Кангрэс адбываўся з 10 па 17 кастрычніка 2004 года ў Гуадалаяра, ў Мексіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.