2008-06-06 12:35:54

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус-- працяг


Трэба сказаць, што Чэслаў непакоіўся за Петруся. 5 траўня 1946 году ён пісаў айцу Хамёнку ў Варшаву: «Наогул прасіў бы вас, Ойча, мець вока над тым маім братам, каб ён ня зьбіўся з добрай дарогі так рэлігійна, як нацыянальна».
Закідаючы брата рознымі просьбамі, Пятрусь заставаўся незадаволены, калі той дапамагаў іншым. Ён пісаў 20 ліпеня 1951 году: «Што гэта за Варанецкія, знаёмыя ермалаўскага швагра? I ці варта быць аж так шчодрым, каб на ўсе бакі высылаць лекі толькі таму, што нехта ёсьць знаёмы? А тымчасам пра экспаномэтар (патрэбны для Петруся. – А.Н.) ці іншыя рэчы не памятаеш ? Ці ня лепш было б, каб такія рэчы ты высылаў на мой адрас, а я б ix аддаваў, або магчыма адпрадаваў, бо капеечка заўсёды была б карысная».
31 сьнежня 1951 году Чэслаў атрымаў ад Петруся ліст наступнага зьместу: «Апошнім часам мяне выкрэсьлілі зь сьпісу студэнтаў Дзяржаўнай Вышэйшай Фільмовай Школы. Прычыны:
1) Неадпаведныя паводзіны на тэрыторыі інтэрнату;
2) Дрэнныя паводзіны ў акадэмічным лягеры.
Але галоўная i асноўная прычына, наколькі мне вядома, гэта тое, што маю цябе за граніцаю, дый да таго ты – сьвятар i супрацоўнічаеш з варожым нам блёкам (Lecz główną przyczyną i zasadniczą o ile wiem, to to, że mam ciebie za granicą, w dodatku jesteś księdzem i współpracujesz z blokiem nam przeciwnym).
Перш як ты дасі нешта ў тваю Бацькаўшчыну, дык з намі ўжо цяпер дрэнна. Падумай аб гэтым. Я напісаў у міністэрства культуры i мастацтва... Веру, што міністэрства мне дапаможа, толькі ты з свайго боку павінен прынамсі напісаць, калі нарэшце вернешся на радзіму i парвеш зносіны з блёкам, які рыхтуе людзям другую вайну (tylko ty z drugiej strony powinieneś napisać przynajmniej, kiedy wreszcie wrócisz do kraju i zerwiesz z blokiem, który szykuje ludziom drugą wojnę). Я быў на вайне, і не жадаю яе нікому, нават ворагу... а вядома, што рыхтуюць амэрыканцы i ангельцы, а ты там сядзіш і займаешся вядзеньнем нейкіх місіяў. Ці гэта абавязкова павінен рабіць ты? Ці Бог загадаў служыць англасаксам? Сядзець у Лёнданскім тумане i гэтым самым рабіць прыкрасьці сваім блізкім? Падумай: што з таго, што там сядзіш? A калі б нават i сядзеў, то ты павінен быць сьвятаром, а ня нейкім прарокам будучыні беларускай дзяржавы, дзеля якой ня хочаш прыехаць i сказаць, што ты сын мужыка, што маеш досыць лордаў i панкоў, у якіх як ты, так i я пасьвілі жывёлу (A jeśli byś nawet siedział to powineneś być księdzem, a nie jakimś prorokiem przyszłości państwa białoruskiego, dla którego nie raczysz przyjechać i powiedzieć, że jesteś synem chłopa, że masz dosyć lordów i panków, u których pasaliśmy bydło jak ty tak i ja). A сёньня, калі я меў сканчаць навуку, якраз ты стаў прычынаю, што мяне выкінулі, бо мне ніколі не рабілі заўвагаў, што захоўваюся дрэнна ці неадпаведна. Хачу, каб ты над гэтым добра падумаў i абшырна напісаў».
Гэты ліст настолькі розьніцца зьместам i тонам ад папярэдніх, што адразу ўзьнікаюць сумневы, ці Пятрусь пісаў яго сам ад сябе. Польскія камуністычныя органы бясьпекі – самі ці разам з сваімі савецкімі калегамі – напэўна сачылі за асобаю i дзейнасьцю айца Чэслава Сіповіча. Калі не зьвяртаць увагу на тыповыя камуністычныя, дарэчы даволі прымітыўныя, прапагандавыя абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з “варожым блёкам”, які “рыхтуе людзям другую вайну”, у сваім пісьме Пятрусь спрабаваў змусіць айца Сіповіча перастаць быць “прарокам будучыні беларускай дзяржавы”. Іншымі словамі, камуністы хацелі, каб ён адмовіўся ад беларускай дзейнасьці – рэлігійнай, культурнай, грамадзкай. Пятрусь згадвае пра беларускую незалежніцкую газэту Бацькаўшчына, што з кастрычніка 1947 году выходзіла ў Мюнхэне. У камуністычную Польшчу яна не трапляла, i таму цяжка паверыць, каб Пятрусь яе чытаў, хіба што яму паказалі яе ў органах бясьпекі. Пяць гадоў пазьней, 14 сакавіка 1957 году, калі палітычныя абставіны крыху зьмяніліся на лепшае, ён пісаў Чэславу: «Бацькаўшчыны яшчэ ня бачыў, бо ў Польшчу прыходзіць, здаецца, толькі адзін асобнік». Зрэшты, калі б ён меў нагоду пачытаць гэтую газэту, то ведаў бы, што за першыя чатыры гады існаваньня ў ёй не друкавалася ніводнага артыкулу ці карэспандэнцыі Чэслава Сіповіча.
Ня толькі польскім камуністам дзейнасьць айца Сіповіча не давала спакойна спаць. Паўгоду раней, у вышэй згаданым лісьце за 20 ліпеня 1951 году, Пятрусь пісаў: «Вось ужо два разы быў я на Бялянах (частка Варшавы, дзе знаходзіцца марыянскі кляштар. – А.Н.), размаўляў з ксяндзом Лысікам i Хамёнкам... Ксёндз Лысік уважае, што ты, як сьвятар, непатрэбна займаешся палітыкай i таму не аддаешся поўнасьцю душпастырскай працы і, што горш, можаш наклікаць бяду на ўсю сям’ю, у тым ліку i на мяне. Ці ж ня лепш, нават калі ўжо сядзіш за мяжою, працаваць ціха ў пастырскай галіне, a іншыя справы пакінуць у спакоі; або папрасіць айца генэрала, каб цябе прыслаў у Польшчу, дзе ёсьць шмат працы. Найважнейшае, каб не працаваць для тых, хто нас ніколі не лічыў за людзей».
Уражвае супадзеньне думак i дамаганьняў у двох лістох. З словаў Лысіка выглядае, што марыяне нешта ведалі ўжо больш за паўгоду наперад i што згадка пра магчымыя прыкрасьці для сям’і магла быць перасьцярогаю. У абодвух лістох робіцца спроба націснуць на айца Сіповіча, каб ён прыехаў у Польшчу, “дзе ёсьць шмат працы». Пятрусь ужывае слова “вярнуцца”, а не “прыехаць”, хоць айцец Сіповіч ня быў палякам, не лічыў Польшчу сваёй Бацькаўшчынай і ніколі там ня жыў. У Польшчы айцец Чэслаў меў бы гэткія ж магчымасьці працы сярод беларусаў, як i іншыя былыя друйскія марыяне, іншымі словамі – ніякіх. Відаць, гэтага й хацелі польскія марыяне i камуністы.








All the contents on this site are copyrighted ©.