2008-06-02 14:58:08

Прапануем вашай увазе чарговыя старонкi з Кампендзiума сацыяльнай дактрыны Царквы.


526 Сацыяльная навука дыктуе фундаментальныя крытэрыi пастырскай дзейнасцi ў сацыяльнай сферы: абвяшчэнне Эвангелля, злучэнне эвангельскай весткi з сацыяльнай рэчаiснасцю, планаванне дзеянняў, накiраваных на аднаўленне гэтай рэчаiснасцi праз прывядзенне iх у адпаведнасць нормам хрысцiянскай маралi. Новая эвангелiзацыя сацыяльнай сферы патрабуе, перад усiм, абвяшчаць Эвангелле: Бог у Езусе Хрысце збаўляе кожнага чалавека i ўсяго чалавека. Падобнае абвяшчэнне адкрывае чалавека яму самому i павiнна зрабiцца прынцыпам тлумачэння сацыяльных рэалiй. У абвяшчэннi Эвангелля сацыяльнае вымярэнне – iстотнае i неабходнае, няхай i не адзiнае. Яно павiнна паказаць невычэрпальную плённасць хрысцiянскага збаўлення, хаця ж дасканалае i канчатковае ўпадабенства сацыяльнай рэчаiснасцi Эвангеллю не можа адбыцца ў гiсторыi: нiякi вынiк, нават самы выдатны, не выйдзе за межы чалавечай свабоды i не пазбегне эсхаталагiчнага напружання, якое адпавядала б усяму створанаму.
527 Пастырская дзейнасць Царквы ў сацыяльнай сферы павiнна быць перад усiм сведчаннем iсцiны аб чалавеку. Хрысцiянская антрапалогiя дазваляе разбiрацца ў сацыяльных праблемах, якiм нельга знайсцi добрага вырашэння, не баронячы трансцэндэнтны характар чалавечай асобы, якi ў поўнi адкрываецца толькi ў веры. Сацыяльная дзейнасць хрысцiянаў павiнна абапiрацца на фундаментальны прынцып першанства чалавека. Неабходнасць сцверджваць цэласную iдэнтычнасць чалавека заахвочвае хрысцiянаў абапiрацца на вялiкiя каштоўнасцi, якiя кiруюць упарадкаваным i плённым суiснаваннем: гэта iсцiна, справядлiвасць, любоў i свабода. Сацыяльнае пастырства намагаецца таго, каб аднаўленне грамадскага жыцця праходзiла ў духу сапраўднай павагi да гэтых вартасцяў. Царква, пры пасрэднiцтве свайго разнастайнага эвангельскага сведчання, iмкнецца ўмацоўваць усведамленне таго, што дабро ўсiх i кожнага – гэта невычэрпальны рэсурс для развiцця ўсяго сацыяльнага жыцця.
в) Сацыяльная навука i фармацыя.
528 Сацыяльная навука – неабходны арыенцiр для цэласнай хрысцiянскай фармацыi. Настойлiвасць, з якой Навучанне прапануе гэта як крынiцу натхнення для апостальства i для сацыяльнага дзеяння, паходзiць з упэўненасцi ў тым, што гэта навука – ёсць выключна важным выхаваўчым рэсурсам: “асаблiва верным свецкiм вернiкам, якiя ўдзельнiчаюць у разнабаковай i палiтычнай дзейнасцi, абсалютна неабходна больш дакладна ведаць сацыяльную навуку Царквы”. Гэта дактрынальная спадчына не выкладаецца i не ведаецца ў адпаведнай ступенi – таксама i з гэтай нагоды яна не пераўтвараецца належным чынам у канкрэтныя дзеяннi.
529 Трэба больш поўна паказваць выхаваўчую вартасць сацыяльнай навукi ў дзейнасцi па катэхiзацыi. Катэхiзацыя – гэта арганiчнае i сiстэматычнае выкладанне хрысцiянскай навукi. Яна накiравана на тое, каб далучыць вернiкаў да поўнi эвангельскага жыцця. Галоўная мэта катэхiзацыi – “увесцi чалавека не толькi ў кантакт, але i ў супольнасць, у даверлiвыя адносiны з Езусам Хрыстом”, каб гэты чалавек здолiў адчуць дзеянне Святога Духа, ад Якога паходзiць дар новага жыцця ў Хрысце. У гэтай перспектыве, катэхiзацыя як служэнне выхаванню веры павiнна не абходзiць, але, наадварот, “тлумачыць належным чынам… некаторыя рэалii – такiя, як дзейнасць чалавека дзеля яго цэласнага вызвалення, iмкненне пабудаваць больш салiдарнае i братэрскае грамадства, барацьба за справядлiвасць i мiр”. З гэтай мэтай неабходна прадставiць сацыяльную навуку ў поўнi: яе гiсторыю, змест, метадалогiю. Непасрэднае чытанне сацыяльных энцыклiк у царкоўным кантэксце ўзбагачвае ўспрыняцце i ўжытак навукi, дзякуючы ўкладу кампетэнтных у разлiчных галiнах прафiсiяналаў, якiя маюцца ў суполках.
530 Важна, асаблiва ў кантэксце катэхiзацыi, каб выкладанне сацыяльнай навукi было накiравана на матывацыю дзейнасцi па эвангелiзацыi i гуманiзацыi зямных рэалiй. Бо ў гэтым навучаннi Царква падае тэарытычныя i практычныя веды, якiя заахвочваюць iмкненне пераўтвараць сацыяльнае жыццё, ва ўсё большай адпаведнасцi з яго боскай задумай. Сацыяльная катэхiзацыя накiравана на выхаванне людзей, якiя, паважаючы маральны парадак, любяць сапраўдную свабоду; на людзей, “якiя маглi б у святле iсцiны мець сваё ўласнае меркаванне аб рэчах; дзейнiчаць з пачуццём адказнасцi i iмкнуцца да таго, каб сапраўдна i справядлiва з ахвотай супрацоўнiчаць у гэтым з iншымi”.
Выключную выхаваўчую вартасць набывае сведчанне аб вопыце хрысцiянскага жыцця: “менавiта жыццё ў святасцi, якое ззяе ва многiх членах Божага люду, пакорлiвых i часта нябачных, - найбольш просты i прыцягальны шлях, iдучы якiм, магчыма непасрэдна зразумець прыгажосць iсцiны, вызваленчую сiлу любовi Божай i вартасць безумоўнай вернасцi ўсiм патрабаванням закона Бога, нават у самых цяжкiх абставiнах”.







All the contents on this site are copyrighted ©.