2008-05-31 09:23:35

З нашага цыклу: "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Звольніўшыся з арміі, Янка вярнуўся ў Дзедзінку і, як пісаў малы Вінцэсь Пятру 21 сакавіка 1947 году, “памагаіць сястры Фэлі гараваць”. У тым самым лісьце ён паведамляў, што Янка «ішчо ня жэніцца... кажыць, што як выгадываім сваей кабылы жарабка, i ішчо кажыць, як будзіць цёпла». Сам Янка напісаў Чэславу 6 чэрвеня 1952 году ліст, у якім паведамляў: «Мы жывиом у калхози. Наш калхаз маит зямли да 2 тысяч гактар. Усия зимла панская пирашла у руки крастиян. Ни так как пры панах что ступиш усио ни тваио. Усио наша и никога ни боимся». Ажаніўся Янка толькі ў 1954 годзе. Ён перайшоў у сваю хату, якую дапамаглі набыць бацькі, і працаваў у калгасе, як пісала Фэля, “старшым плотнікам”.
Наймаладзейшы сын, Вінцусь, у 1948/49 навучальным годзе быў у пятай клясе мясцовай беларускай сямігодкі. Добрая Фэля хвалявалася за ягоную будучыню. 27 красавіка 1949 году яна пісала Чэславу i Петрусю: «Мамка i Тата ўжо састарэлі i ня маюць сілы працаваць i вучыць Вінцуся. А мы з братам Янкам i я, вашая сястра Фэля адна ня ведаем, што рабіць, бо Вінцусь вучыцца добра, шкада яго змарнаваць. Янку надакучыла працаваць за Петруся. Працавалі мы ўсёй сям’ёй, то добра было вас дваіх вучыць. А зь Вінцусём горш, бо брат Янка i Пятрусь намерваюцца жаніцца. А братавая, як нам вядома, не захоча вучыць Вінцуся. Дарагі брат Чэслаў, прашу нам дапамагаць, хоць не супольнай сямейнай працай, але малітвай, бо я, твая сястра Фэля, маю менш часу на малітвы. Бо пакуль што ўся праца ляжыць [на мне]. Бо мамка i тата не працуюць, a Вінцусь ходзіць у школу i таксама ня мае часу працаваць». Вінцусь так i застаўся зь сямігодкай i не працягнуў навуку. У 1954 годзе ён пайшоў у савецкую армію, адслужыў тры гады, а потым вярнуўся ў Дзедзінку, пасяліўся ў бацькоўскай хаце, ажаніўся i застаўся працаваць у калгасе. Спачатку ён пісаў лісты да Пятра i Чэслава на даволі прыстойнай беларускай мове, але паступова перайшоў на расейскую. У лісьце за 10 студзеня 1954 году да Петруся ён пісаў даслоўна: «Вы мне извините за мае неграмотное письмо. Иначе я писать не ўмею, потому что я обучался в Совецкай школе, где и окончил 7 класс».
Пятрусь пайшоў у Друйскую гімназію ў 1936 годзе. У тым часе ня толькі ў гімназіі, але i ў кляштары панаваў ужо дух зусім іншы ад таго, што быў дзесяць гадоў раней, калі туды паступаў ягоны брат Чэслаў. Не засталося там ні айца Германовіча, ані Цікоты. Супэрыёр кляштару паляк Уладыслаў Лысік – відавочна, “дэмакрат” – праводзіў сярод вучняў інтэрнату галасаваньне наконт замены беларускай мовы на польскую ў штодзённых малітвах, і ў такі спосаб ліквідаваў тыя нешматлікія праявы беларускасьці, што яшчэ захаваліся. Пасьля таго, як у 1938 годзе польскія ўлады выселілі з Друі беларускіх айцоў i клерыкаў, у кляштары не засталося нічога беларускага. Перамога польскасьці ў Друі атрымала афіцыйнае прызнаньне на Сёмуху 1939 году, калі туды прыехаў сам архібіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Ha ўрачыстасьць зьявіўся таксама з Сан-Рэма вядомы ксёндз Юзэф Бародзіч, які дзесяць гадоў самаахвярна змагаўся зь беларускімі марыянамі, баронячы “польскіх крэсув”.
Лісты Петруся (пісаныя, зразумела, па-польску) да Чэслава ў Рым робяць уражаньне, што ён адчуваў сябе зусім утульна ў гэтай новай, польскай Друі. У лісьце за 30 лістапада 1938 году ён пісаў: «Жыву цяпер у кляштарным інтэрнаце, у якім ёсьць 15 хлопцаў, маіх калегаў... У інтэрнаце вельмі весела, час бяжыць вельмі хутка» (Żyję teraz w internacie klasztornym, w którym jest 15 chłopców mich kolegów... W internacie jest bardzo wesoło, czas bardzo prędko biegnie). Яго непакоіла толькі адное: што будзе зь ім, калі Янку паклічуць у войска i ня будзе каму працаваць за ягоную навуку. Вучыўся ён наагул ня вельмі добра. У лісьце да Чэслава за 7 чэрвеня 1939 году ён падае свае ацэнкі: двойка з матэматыкі, тройкі з усіх іншых прадметаў, акрамя чацьвёркі з польскай мовы, “з чаго я вельмі цешуся” (z czego bardzo się cieszę). Цешыцца яму давялося нядоўга, бо ў верасьні Польшчы ня стала, i Пятрусь мусіў працягваць навуку ў беларускай савецкай школе. Відаць, ня вельмі шмат ён там навучыўся. 5 траўня 1941 году ён паслаў Чэславу ў Рым паштоўку, якую той атрымаў 21 чэрвеня, за адзін дзень да пачатку савецка-нямецкай вайны. Пятрусь пачаў сказам «У первых словах майго писания перепрашаваю што Тебя ничога не писаў» і скончыў словамі «Чекаю атвёту».
У часе нямецкай акупацыі Беларусі Чэслаў атрымаў дзьве паштоўкі ад Петруся. У першай, з датаю 15 кастрычніка 1942 году, Пятрусь пісаў па-беларуску: «Я цяпер у Глыбокім на вучыцельскіх курсах 6 месячных». 1 чэрвеня 1943 году ён паведамляў: «Я цяпер вучыцелем у беларускае школе ў Робаве ў воласьці Мёрскае». У сярэдзіне 1944 году немцы пакінулі Беларусь перад наступам савецкіх войскаў, i ўсялякае ліставаньне перапынілася да канца вайны. Толькі ў сярэдзіне 1945 году Чэслаў атрымаў ліст ад Петруся зь Дзедзінкі, датаваны 20 траўня 1945 году (г. зн. няпоўныя два тыдні пасьля заканчэньня вайны), у якім той пісаў: «Я на отпуске в дому, как старший сержант... Вам известно что мы освобождены от ненависного звера лутше сейчас поживаем. Я имею окончено среднее образование... Много з наших громили врага – фашистов» (мова i правапіс арыгіналу захаваныя. – А.Н.). Пятрусь служыў не ў савецкай, а ў г. зв. “польскай людовай” арміі, якая разам з савецкай вызваляла Польшчу i ўсталёўвала там камуністычны рэжым. Дзедзінка знаходзілася ў савецкай Беларусі, i таму трапіць у польскую армію Пятрусь мог толькі добраахвотнікам, падаўшы сябе за паляка. Цяжка сказаць, ці тут праявілася жаданьне ўцячы з Савецкага Саюзу, ці ўплыў польскага ўзгадаваньня ў Друі. Звольнены ў канцы 1945 году, Пятрусь застаўся ў Польшчы і паступіў на пэдагагічнае аддзяленьне Пазнаньскага ўнівэрсытэту, а пасьля працягваў навуку ў вышэйшай школе фільму ў Лодзі. Пачынаючы з канца 1945 году ён i Чэслаў вялі ажыўленую перапіску. Чэслаў празь Петруся атрымліваў весткі зь Дзедзінкі i часам пасылаў ім дапамогу. Пятрусь з свайго боку прасіў Чэслава пра розныя, звычайна дарагія, рэчы, быццам неабходныя яму для навукі i працы, якіх нельга было дастаць у Польшчы. У першыя пасьляваенныя гады Пятрусь стараўся сьцягнуць бацькоў у Польшчу, але яны, відаць, не выказвалі вялікай ахвоты. 18 красавіка 1946 году ён пісаў (па-польску) Чэславу ў Рым: «Бацькі яшчэ ў Дзедзінцы, думаюць пераехаць у Польшчу, толькі бацька, – наш дарагі бацька, – ня ведаю, як гэта перажыве».








All the contents on this site are copyrighted ©.