2008-05-27 12:41:55

У Маскве прайшоў вечар памяцi Яна Паўла II°.


У расiйскай сталiцы прайшоў вечар памяцi Свяцейшага Айца Яна Паўла II°. Мерапрыемства адбылося 18 траўня ў культурным цэнтры “Пакроўскiя варота”. Яно было прымеркавана да 88 гадавiны з дня нараджэння Яна Паўла II° i адкрыла Днi яго памяцi ў Маскве.
Дырэктар культурнага цэнтра Жан-Франсуа Тiры прывiтаў прысутных i перадаў iм словы блаславенства прадстаўнiка Апостальскай сталiцы ў РФ арцыбiскупа Антонiо Меннiнi. Звяртаючыся да гасцей, сп.Жан-Франсуа Тiры адзначыў, што цяпер надыйшоў час больш спакойнага i аб’ектыўнага вывучэння спадчыны Папы Вайтылы.
Дырэктар францiшканскага выдавецтва, старшыня Суполкi Яна Паўла II° Iгар Баранаў нагадаў, што Днi памяцi праводзяцца дзеля таго, каб дзялiцца адзiн з iншым веранавучальным настаўнiцтвам славутага Папы i вывучаць ягоны духоўны вопыт. “У Суполку Яна Паўла II° увайшлi людзi, якiя пазнаёмiлiся з асобай Папы, i адчулi патрэбу адказаць на яго пасланне любовi”, - сказаў Iгар Баранаў.
Ён дадаў, што ў гэтым годзе Днi памяцi праводзяцца больш сцiпла, чым у 2007 годзе, аднак “iх змест застаўся такiм, якiм быў”. Гэта прыпамiн аб асобе Папы-нябожчыка i абмеркаванне яго духоўнай i творчай спадчыны.
Першым сваiмi ўспамiнамi з прысутнымi падзялiўся галоўны рэдактар часопiса “Кантынент” Iгар Вiнаградаў. Па ягоных словах, галоўным уражаннем, якое засталося ў яго пасля спатканняў з Янам Паўлам II°, было спалучэнне адукаванасцi i высокай духоўнасцi. Iгар Вiнаградаў працытаваў словы адной каталiцкай святой аб тым, што “святар павiнен быць альбо святым, альбо вельмi адукаваным чалавекам”. “Трэба мець веды, калi няма Божай Ласкi. Ян Павел II° уражваў надзвычайным спалучэннем гэтых абодвух якасцяў”, - сказаў рэдактар часопiса “Кантынент”. Ён таксама паведамiў аб адной асаблiвасцi Папы: “Ён меў вельмi пранiклiвы позiрк. Але гэта не прыгнятала, я не хацеў ад яго ўкрыцца, гэта быў заклiк да любовi”, - адзначыў Iгар Вiнаградаў.
У сваю чаргу, Iгар Баранаў зачытаў радкi з успамiнаў аб польскiм Папе праваслаўнага святара Рыгора Чысцякова, якi памёр у чэрвенi 2007 года. “Неяк, развiтваючыся са мной, Папа сказаў:”Я кожны дзень малюся за цябе, Ежы”. Звычайна мы з iм размаўлялi на французскай цi на iтальянскай мове, але звяртаўся ён да мяне, карыстаючыся польскiм варыянтам майго iмянi – Ежы. “Я кожны дзень малюся за цябе, Ежы”. Ён малiўся… Малiўся за сотнi, тысячы, дзясяткi тысяч людзей, iмёны якiх трымаў у сваiм сэрцы. Ён ведаў, што такое малiтва, ведаў яе сiлу, ён умеў малiцца…. I, добра памятаючы ўсiх, хто ў яго бываў i з кiм ён сустракаўся, усiх ён даручаў Богу”.
На вечары памяцi таксама магчыма было пакiнуць сведчаннi аб дапамозе, атрыманай праз малiтву Папы i да Папы.







All the contents on this site are copyrighted ©.