2008-05-27 12:26:11

Беларусь рыхтуецца да падпісаньня Канкардату з Ватыканам


Інфармацыю аб тым, што Беларусь рыхтуецца да падпісання канкардату з
Ватыканам, пацвердзіў 21 мая ў Гродне падчас сустрэчы з журналістамі
ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід
Гуляка.


«Калі з Беларускай Праваслаўнай Царквой дзяржава падпісала Пагадненне, якое
дае зялёнае святло для сумеснай працы па розных накірунках, то з Каталіцкім
Касцёлам мы рыхтуем да падпісання Канкардат, — паведаміў Леанід Гуляка. —
Гэта павінен быць дакумент больш высокага ўзроўню, пагадненне паміж дзвюма
дзяржавамі — Рэспублікай Беларусь і Ватыканам, — якое замацуе прававыя нормы
адносінаў дзяржаваў па самых розных пытаннях. Але такіх канкардатаў у свеце
адзінкі, і нам няма што ўзяць за ўзор. І хаця гэта вельмі вялікая праца, мы
разам з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам яе распачалі».


Дарэчы, Леанід Гуляка ўзначаліў у Гродне пасяджэнне абласной калегіі апарата
ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, якая ў гэты раз была
прысвечана ходу выканання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай
Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У калегіі прынялі ўдзел епіскап
Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, епіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, а
таксама шматлікія святары епархіі. Гаворка ішла як пра дасягненні, так і пра
праблемы ў адносінах паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой, сярод якіх
біскуп Арцемій назваў неразуменне значнасці такіх адносінаў з боку
чыноўнікаў, адсутнасць сістэмнасці, выкананне Пагаднення толькі «на паперы»,
недахоп ініцыятыўных, падрыхтаваных да публічнай дзейнасці святароў.


Леанід Гуляка, праваслаўныя епіскапы і святары пасля пасяджэння наведалі
Каложскую царкву — помнік архітэктуры ХІІ ст., музей гісторыі рэлігіі, у
якім больш за 10 гадоў адбываецца рэканструкцыя, а таксама гродзенскую
каталіцкую семінарыю і каталіцкую дыяцэзіяльную курыю, дзе сустрэліся з
біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.










All the contents on this site are copyrighted ©.