17 мая 2008 г. у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце па ініцыятыве біскупа
Віцебскага Уладзіслава Бліна адбылася IV Міжнародная медыцынская канферэнцыя «Праблемы
ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце». У канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі з Беларусі,
Аўстрыі, Расіі, Украіны, Харватыі і Швейцарыі.
У канферэнц-зале ВДМУ сабраліся
таксама студэнты з віцебскіх ВНУ, медыкі з віцебскіх бальніц, святары Віцебскай дыяцэзіі. Духоўны
апякун праекта пробашч віцебскай парафіі Святога Духа кс. Сяргей Сурыновіч падкрэсліў,
што супрацоўніцтва Касцёла, медыкаў і вучоных павінна прыносіць плён дзеля хвалы Божай
і на карысць людзям.
На пасяджэнні прагучала каля дваццаці дакладаў, у
якіх закраналіся пытанні па біяэтыцы, фармакатэрапіі, прафілактыцы алкагалізму і наркаманіі,
барацьбе з абортамі і эўтаназіяй.
Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі
кс. прэлат Францішак Кісель у сваім заключным слове адзначыў высокі ўзровень канферэнцыі
і выказаў спадзяванні на тое, што ўклад гэтага форума ў духоўнае і фізічнае ўмацаванне
чалавека будзе плённым.
У межах праграмы канферэнцыі яе ўдзельнікі наведалі
Віцебскую абласную клінічную бальніцу, сустрэліся з адміністрацыяй і ўрачамі, наведалі
аддзяленні клінікі.