2008-05-24 10:47:17

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


У 1934 годзе Чэслаў скончыў навіцыят i склаў першыя законныя шлюбы. Ад гэтага часу ён перастаў знаходзіцца на ўтрыманьні бацькоў. Тады Янусю споўнілася 15 гадоў i ён працаваў з бацькам на гаспадарцы. Фэля таксама была патрэбная ў хаце, асабліва калі ў тым годзе, пасьля дзесяцігадовага перапынку, у сям’і зьявіўся яшчэ адзін сын, Вінцусь. Толькі ў 1936 годзе Сіповічы змаглі паслаць сына Петруся ў Друйскую гімназію. Цяжар ягонага ўтрыманьня i навучаньня лёг на плечы Януся i Фэлі: яны мусілі працаваць за яго ў Друйскім кляштары. Пра гэта можна даведацца зь іхных лістоў да Чэслава ў Рым. Фэля пісала яму 19 сакавіка 1939 году: «Я хацела ў Друі напісаць табе ліст, але ня мела грошы (на паштовую марку. – А.Н.), бо трэба было працаваць за Петруся адзін месяц. Цяпер зарабляю ад 4 студзеня, але ніколі ня бачу грошай і ня маю нават на ліст, бо мамка забірае ад ксяндза Кавальскага. Але 13 сакавіка я пайшла ў Друю, i тата быў у Друі і меў грошы. Я выпрасіла ў яго на ліст... Цяпер да 19 красавіка павінен адрабляць Янка. Ён ужо адрабіў 6 месяцаў, а я 1 месяц». I далей: «Пятрусь пісаў табе, што я вучуся шыць; гэта няпраўда, я не вучуся шыць, бо няма чым плаціць; я казала яму, што можа буду вучыцца, бо Маці Старэйшая (жаночага кляштару. – А.Н.) брала мяне дарам вучыць шыць. Ня трэба было нічога плаціць за памяшканьне i за шыцьцё, але я не вучылася, бо вельмі цяжка з харчамі: трэба было даць адразу наперад дамоўленую суму. А ў хаце цяжка даць мяне (вучыцца. – А.Н.) шыць, бо трэба вучыць Петруся». Дарэчы, Фэля думала стаць законьніцай: «На аплатку (г. зн. на Куцьцю. – А.Н.) я была ў сясьцёр; кожная сястра мне жадала, каб я паступіла ў закон, я была б сястрой, а брат – ксяндзом, i было б вельмі прыгожа ад Пана Бога; i я так думаю папрацаваць усё лета, каб зарабіць на ўбраньне i на добрую пасьцель». Брат Янка таксама напісаў Чэславу ў той самы дзень па-беларуску: «Я жыву ў кляштары, работаю як заўсёды. Ужо адрабіў шэсьць месяцаў, а нада ішчо адзін месяц. Ну i ня знаю, што я за гэта дастану, што так за Петрыка так раблю». Чэслаў адказаў Янку 25 сакавіка: «Пытаешся... што дастанеш за ўсё тое, што так цяжка працаваў i працуеш за Петруся? Пазволь, я цябе таксама запытаю: што я дастану за гэта, што я мазолюся, ня сплю, ламлю галаву i трачу здароўе над кніжкай? Я прыгатаўляюся працаваць як місіянер; можа чакаіць мяне жыцьцё куды цяжэйшае, чым ваша, можа ніколі ня ўвіджу Дзедзінкі, Друі?! Скажы, што я за гэта дастану?.. З тваёй працы можа Пятрусь крышку абаб’ецца, а можа i зусім чалавекам станіць... A калі будзе разумны, адплоціць табе міласьцяй, малітвай, працай. A калі дурны будзе, то вырачэцца цябе i аб усім забудзіць. Але ня думаю я гэтага пра Пятруся... Не забывайма, што мы за сваю цяжкую працу, за каго б яна не была, абы толькі з воляй Божай – можам многа, многа дастаць! Можам i павінны неба атрымаць!.. Многа, аднак, было бяды i будзе. Усё толькі шчасьце, што часта бяда прасьцей вядзе да Бога, чым багацьце. Толькі пэўне ж, дарога бяды ня лёгкая, i сам ты ведаеш, як цяжка бываіць у нас у хаце, як цяжка мне было працаваць i вучыцца, Пятрусю цяпер, як цяжка ты павінен працаваць. I была б гэта праца i труды нашы незразумелымі, каб не было Бога».
7 чэрвеня Янка зноў пісаў: «Кажаш, каб чытаў можа ў дзень па два радкі яку небудзь ксёнжку. У нядзелю чытаю патроху; знаеш, што ў кляштары не даюць у будні дзень чытаць. Ужо за Петрыка адрабіў, дзякуй Богу. А цяпер зарабляю 30 злотых у месяц i думаю купіць ровар. Але не знаю, што лепш, чы лінейку новую справіць. I ўжо нада справіць каня лепшага». Праз тры месяцы выбухнула польска-нямецкая вайна. Янку забралі ў войска. Ён трапіў у нямецкі палон і прабыў там да канца вайны. Калі скончылася вайна і Янку вызвалілі з палону, яго адразу ўзялі ў савецкую армію. Вярнуўся ён дамоў толькі ў канцы 1946 году. Такім чынам, у хаце засталіся бацькі з малым Вінцусём, Пятрусь i Фэля, якой давялося ўзяць на сябе ўвесь цяжар працы на гаспадарцы. Чэслаў зрэдку меў ад яе весткі. 19 верасьня 1943 году яна пісала: «Памятаю тыя словы, калі ты пытаўся, ці твая сястра Фэлька выйшла замуж. Не, дарагі брат, яшчэ ня думаю пра замужжа, бо цяпер не такі час. Але я думаю, каб дачакацца брата Янку i заўсёды малюся за ўсіх, a асабліва за брата Янку. Бо я зь ім разам працавала ў кляштары за Петруся. Працаваць нам было цяжка. Затое памятаю тыя дні i мінуты i тыя тры гады, калі працавала з Янкам у кляштары». Ужо ў Лёндане айцец Сіповіч атрымаў ад яе ліст, напісаны 18 траўня 1948 году: «Дарагі брат Чэслаў, Тата яшчэ ходзіць з палкай у руцэ, а мамка добра ходзіць, толькі ў тых цяжкіх часох моліцца за вас (г. зн. за Чэслава i Петруся, які быў у Польшчы. – А.Н.) i за ваша здароўе, каб вы вярнуліся здаровыя i каб злучыліся ў нашай роднай старонцы. А я, Фэля, жыву i працую з бацькамі. Пакуль што Янка дапамагае працаваць. А пяць гадоў я працавала сама адна, i касіла, i рабіла ўсялякую мужчынскую работу. Дарагі брат Чэслаў, калі прыедзеш дамоў, то нас не пазнаеш». Праз год, 27 красавіка 1949 году, Фэля напісала Чэславу яшчэ адзін ліст: «Янка мае намер жаніцца, але чакае, каб уся наша сям’я сабралася ў нашай любай Дзедзінцы. Тата старэнькі ходзіць з палкай i моліцца за ваша здароўе, бо ён мае найбольш часу. Кажа, каб хоць адзін раз пабачыць сына Чэслава i пагутарыць пра жыцьцё, што перажылі за гэтых 11 гадоў; і мамка хоча цябе пабачыць». Відаць, усе спадзяваліся, што Чэславу ўдасца прыехаць адведаць ix. 1 жніўня Фэля пісала брату Петрусю ў Польшчу: «Я зьбіраюся замуж. Дарагі брат Пятрусь, як ты мне параіш. Брат Янка кажа, каб я выходзіла, лепшага не шукала. Мой нарачоны мае 34 гады i жыве з адной мачахай. Я ня маю ніякіх сумніваў, толькі што ён ад нараджэньня мае скалечаную левую руку, усё можа рабіць, кожную работу, мае 10 гэктараў зямлі і вельмі мяне паважае... Калі атрымаеш гэты ліст, то напішы Чэсю... Прашу параіць, ці мне цяпер выходзіць замуж, ці чакаць, калі Чэслаў вернецца ў родную хату». Фэля сапраўды неўзабаве выйшла замуж. Але замужжа не было шчасьлівым: муж доўга хварэў i памёр 8 лістапада 1957 году.








All the contents on this site are copyrighted ©.