2008-05-23 12:48:27

17-ць гадоў біскупскай сакры кардынала Казіміра Свёнтка


21 мая 2008 г. у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося святкаванне 17-й гадавіны біскупскага пасвячэння кардынала Казіміра Свёнтка. 17 гадоў таму, 21 мая 1991 г., ён стаў першым арцыбіскупам пінскай катэдры, а таксама Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел святары Пінскай дыяцэзіі, выкладчыкі і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі імя св. Тамаша Аквінскага у Пінску, а таксама шматлікія вернікі.


Урачыстасць распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Святую Імшу цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк разам з прысутнымі святарамі Пінскай дыяцэзіі. Ксёндз Ян Васілеўскі прамовіў гамілію, у якой узгадаў пра асобы святых беларускай зямлі — святога Андрэя Баболю і благаслаўлёнага Зыгмунта Лазінскага. Ксёндз Ян нагадаў, што нялёгкі святарскі шлях кардынала неаднойчы перакрыжоўваўся са шляхамі гэтых вялікіх і ахвярных святароў.


У заключным слове кардынал Казімір Свёнтэк, узгадваючы свой святарскі шлях, гады, праведзеныя ў ГУЛАГу, падкрэсліў, што Хрыстус заўсёды быў побач з ім. Звяртаючыся да святароў і семінарыстаў, кардынал заклікаў верыць у Божую прысутнасць і памятаць пра гэта ў кожную хвіліну жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.