2008-05-22 11:51:29

Урачыстасьць Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста


Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста


22 мая 2008 г. Каталіцкі Касцёл святкуе ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела
і Крыві Хрыста, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці
Найсвяцейшай Тройцы, таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў
сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер).


У гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія з
Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах гарадоў і вёсак. У цэлебрацыі
ўрачыстасці Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар
Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам.


Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста паходзіць з адарацыйнай
накіраванасці эўхарыстычнай набожнасці, якая развівалася ў заходнім
хрысціянстве на пераломе ХІ-ХІІ стст. Урачыстасць Божага Цела была
ўведзена ў 1246 г. у дыяцэзіі Льеж (сучасная Бельгія). У 1252 г.
папскі легат пашырыў яго святкаванне на Германію, а ў 1264 г. Папа
Урбан ІV булай «Transiturus» устанавіў гэтае свята для ўсяго Касцёла,
аднак па прычыне яго смерці була не была абвешчана публічна. Булу
абвясціў яго наступнік Ян ХХІІ (1334 г.), а Папа Баніфацый ІХ
парэкамендаваў адзначаць урачыстасць Божага Цела там, дзе гэта яшчэ не
рабілася.


У гэтым годзе мінскія католікі пройдуць у эўхарыстычнай працэсіі па
вуліцах горада 25 мая. Традыцыйна ўрачыстасць Божага Цела распачнецца
цэлебрацыяй святой Імшы каля касцёла Святога Роха на Залатой Горцы ў
9.00, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч. Затым працэсія пройдзе ўслед за Хрыстом, утоеным у
Найсвецейшым Сакрамэнце, да наступных трох алтароў. Пасля завяршэння
працэсіі каля апошняга алтара, устаноўленага на прыступках
архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, адбудзецца
святая Імша, у якой змогуць прыняць удзел тыя, хто не мае магчымасці
прысутнічаць на Эўхарыстыі, якой распачнецца ўрачыстасць.










All the contents on this site are copyrighted ©.