2008-05-20 14:37:36

Сустрэча для дзяцей -інвалідаў ў Гродзенскай Сэмінарыі


18 мая 2008 г. у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў семінарыі з супрацоўнікамі і выхаванцамі дома-інтэрната ў в. Галавічполе (Гродзенская вобл., Шчучынскі р-н) для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Амаль 40 дзяцей разам з выхавацелямі і дырэктарам інтэрната Генадзем Паўлюкевічам прыехалі ў Гродна, каб разам з семінарыстамі правесці гэты дзень.
Акрамя выкладчыкаў і семінарыстаў удзел у сустрэчы прыняў старшыня аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама спадар Ігар Папоў.
Распачалася сустрэча святой Імшой у семінарыйнай капліцы. «Нам хацелася, каб дзеці ў гэты раз не толькі сустрэліся с клерыкамі, але і пабывалі на святой Імшы. Мы лічым, што гэта вельмі важна для іх духоўнага і маральнага развіцця», — кажа дырэктар дома-інтэрната Генадзь Паўлюкевіч.
У якасці падзякі за шчырыя, напоўненыя любоўю і клопатам адносіны клерыкаў да дзяцей, выхаванцы інтэрната падрыхтавалі для семінарыстаў канцэрт, які падарыў радасць і ўзнёслы настрой усім яго гледачам. Сумесны абед і экскурсія па горадзе яшчэ больш зблізілі дзяцей і семінарыстаў.
Дарэчы, сяброўскія сустрэчы паміж выхаванцамі гродзенскай семінарыі і інтэрната для дзяцей-інвалідаў сталі ўжо традыцыйнымі. Студэнты ГВДС наведваюць дзіцячыя прыюты і дамы Гродзенскага района ўжо чацвёрты год. Другі год ездзяць і ў Галавічпольскі інтэрнат, дзе жывуць каля 250-ці дзяцей з цяжкімі псіхафізічнымі захворваннямі. Пераважная большасць з іх — сіроты або дзеці, ад якіх адмовіліся бацькі.
паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.