2008-05-19 13:23:47

Сьвяты Андрэй Баболя- вялікі заступнік Беларусі


16 мая 2008 г., у дзень успаміну мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Янаве Палескім (сёння — горад Іванава, Брэсцкая вобл.) адбыліся ўрачыстыя набажэнствы ў гонар святога беларускай зямлі, якія ўзначаліў Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк. Урачыстасць таксама была прымеркавана да 70-й гадавіны кананізацыі Андрэя Баболі, якая адбылася ў Рыме 17 красавіка 1938 г.


Святкаванне распачалося з малітвы каля крыжоў, якія стаяць на месцы мучаніцкай смерці апекуна Пінскай дыяцэзіі. Наступным пунктам урачыстасці стала святая Імша, якую цэлебраваў кардынал Казімір Свёнтэк разам з прысутнымі святарамі Пінскай дыяцэзіі. Дапаможны біскуп Казімір Велікаселец прамовіў гамілію, прысвечаную жыццю Андрэя Баболі, яго дзейнасці і пакутніцкай смерці, якую той прыняў ад казакаў, атрады якіх пад кіраўніцтвам Яна Ліхога спусташалі ў той час палескія землі.


Пасля ўрачыстай святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўшанаванне рэліквій святога Андрэя Баболі, а таксама сустрэча кардынала Казіміра Свёнтка з мясцовымі міністрантамі.


Свята ўпрыгожылі спевы музычнага гурта «Адраджэнне» Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. З нагоды ўспаміну вялікага заступніка Беларусі ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Янаве была арганізавана фотавыстава, на якой былі прадстаўлены здымкі са святкавання 350-й гадавіны мучаніцкай смерці святога, якое адбывалася ў кастрычніку 2007 г. у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы.


Ва ўрачыстасці прынялі таксама ўдзел пілігрымы з Лагішына і Пінска, якія 15 мая вырушылі ў пешае падарожжа, каб праз засупніцтва святога Андрэя Баболі, якога Бог праславіў вялікімі цудамі, прасіць аб патрэбных ласках.
Паводле Catholic.by








All the contents on this site are copyrighted ©.