2008-05-16 11:39:09

Заключная частка Апостальскай Адгортацыі "Sacramentum Caritatis"


ЗАКАНЧЭННЕ RealAudioMP3 94. Дарагія браты і сёстры, Эўхарыстыя з’яўляецца вытокам кожнай формы святасці, і кожны з нас пакліканы да паўнаты жыцця ў Духу Святым. Колькі святых учынілі сапраўдным уласнае жыццё дзякуючы сваёй эўхарыстычнай пабожнасці! Ад св. Ігнацыя з Антыёхіі да св. Аўгустына, ад св. Антонія, абата, да св. Бэнэдыкта, ад св. Францішка Асізскага да св. Тамаша Аквінскага, ад св. Клары з Асізі да св. Кацярыны Сіенскай, ад св. Пасхаля Байлона да св. Пятра Юліана Эймарда, ад св. Альфонса Марыі Лігуоры да благаслаўлёнага Караля дэ Фуко, ад св. Яна Марыі Віянэя да св. Тэрэзы з Лізьё, ад св. Піо з П’етрэльчыны да благаслаўлёнай Тэрэзы з Калькуты, ад благаслаўлёнага Пэрджорджыя Фрасаці да благаслаўлёнага Івана Мерца. Згаданы толькі некаторыя з вялікага мноства, чыя святасць заўсёды знаходзіла свой цэнтр у сакрамэнце Эўхарыстыі.
Таму неабходна, каб у Касцёле ў гэтую найсвяцейшую таямніцу верылі, аддана яе цэлебравалі і інтэнсіўна ўдзельнічалі ў ёй. Дар, які Езус робіць з сябе ў сакрамэнце – успаміне Яго мукі, сведчыць, што вынік нашага жыцця залежыць ад удзелу ў трынітарным жыцці, якое ў Ім даецца нам канчатковым і дзейсным чынам. Цэлебрацыя і адарацыя Эўхарыстыі дазваляе нам наблізіцца да любові Бога і далучыцца да яе асабіста аж да з’яднання з умілаваным Панам. Ахвяраванне жыцця, еднасць з усёй супольнасцю вернікаў і салідарнасць з кожным чалавекам – гэта неад’емныя аспекты «logiké latreía», духоўнага культу, святога і прыемнага Богу (пар. Рым 12, 1), у якім уся наша канкрэтная чалавечая рэчаіснасць пераменена на хвалу Бога. Таму запрашаю пастыраў звярнуць значную ўвагу на пашырэнне аўтэнтычна эўхарыстычнай хрысціянскай духоўнасці. Прэзбітэры, дыяканы і ўсе, хто здзяйсняе эўхарыстычную паслугу, няхай заўсёды здабываюць з гэтых паслуг, выкананых старанна і з пастаяннай падрыхтоўкай, моц і стымул для ўласнага, асабістага і супольнага шляху да асвячэння. Заахвочваю ўсіх свецкіх, асабліва сем’і, няспынна знаходзіць у сакрамэнце любові Хрыста патрэбную энергію для перамены ўласнага жыцця ў сапраўдны знак прысутнасці ўваскрослага Пана. Прашу ўсіх кансэкраваных асобаў, мужчын і жанчын, паказваць уласным эўхарыстычным жыццём ззянне і прыгажосць выключнай прыналежнасці Пану.
95. На пачатку чацвёртага стагоддзя хрысціянскі культ быў яшчэ забаронены імператарскімі ўладамі. Некаторыя хрысціяне з Паўночнай Афрыкі, якія адчувалі сябе абавязанымі цэлебраваць дзень Пана, ішлі супраць гэтай забароны. Былі замучаны ў той час, калі тлумачылі, што яны не могуць жыць без Эўхарыстыі, спажытку Пана: sine dominico non possumus252. Гэтыя мучанікі з Абісініі, з’яднаныя са шматлікімі святымі і благаслаўлёнымі, якія ўчынілі Эўхарыстыю цэнтрам свайго жыцця, заступаюцца за нас і вучаць вернасці спатканню з уваскрослым Хрыстом. Мы таксама не можам жыць без удзелу ў сакрамэнце нашага збаўлення, таму жадаем жыць паводле нядзелі – iuxta dominicam viventes, хочам пераносіць у жыццё тое, што цэлебруем у дзень Пана. Гэты дзень, з’яўляецца сапраўды днём нашага канчатковага вызвалення. Ці трэба здзіўляцца таму, што мы прагнем кожны дзень жыць паводле навізны, якую Хрыстус ўвёў праз таямніцу Эўхарыстыі?
96. Няхай Найсвяцейшая Марыя, Беззаганная Дзева, каўчэг новага і вечнага запавету, суправаджае нас на шляху да Пана, які прыходзіць. У Ёй мы знаходзім поўнае здзяйсненне сутнасці Касцёла. Касцёл бачыць у Марыі, «Жанчыне Эўхарыстыі», як назваў Яе Слуга Божы Ян Павел ІІ253, найбольш выразны свой вобраз і сузірае Яе як незаменны ўзор эўхарыстычнага жыцця. Таму ў прысутнасці «verum Corpus natum de Maria Virgine» на алтары святар у імя літургічнага сходу сцвярджае словамі канону: «З пашанаю ўспамінаем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога і Пана нашага Езуса Хрыста»254. Яе святое імя заклікаюць і ўшаноўваюць таксама ў канонах усходніх хрысціянскіх традыцый. Вернікі са свайго боку «даручаюць Марыі, Маці Касцёла, сваё жыццё і сваю працу. Стараюцца мець тыя ж самыя пачуцці, што і Марыя, дапамагаюць усёй супольнасці жыць, як жывая ахвяра, прыемная Айцу»255. Яна – Tota pulchra, таму што ў Ёй ззяе бляск хвалы Бога. Прыгажосць нябеснай літургіі, якая павінна адлюстроўвацца таксама ў нашых сходах, мае ў Ёй дакладны адбітак. Ад Яе мы павінны вучыцца, як стаць асобамі Эўхарыстыі і Касцёла, каб мы таксама маглі паводле слоў св. Паўла быць «беззаганнымі» ў прысутнасці Пана, чаго Ён жадаў ад нас ад пачатку (пар. Клс 1,21; Эф 1, 4). (256)
97. Праз заступніцтва благаслаўлёнай Дзевы Марыі Дух Святы распальвае ў нас жар, які палаў у вучнях з Эмаус (пар. Лк 24, 13-35), і аднаўляе ў нашым жыцці эўхарыстычнае захапленне, бляск і прыгажосць якога ззяюць у літургічным абрадзе – дзейсным знаку самой бясконцай прыгажосці святой таямніцы Бога. Вучні падняліся і паспешна вярнуліся ў Ерузалем, каб падзяліцца радасцю з братамі і сёстрамі ў веры. Сапраўдная радасць – гэта распазнанне, што Пан застаецца сярод нас як верны сябра нашага шляху. Эўхарыстыя дазваляе нам адкрыць, што Хрыстус, памерлы і ўваскрослы, аб’яўляецца таксама нам як сучаснік у таямніцы Касцёла, Яго цела. Мы сталі сведкамі гэтай таямніцы любові. Пажадаем адно аднаму ісці з поўнай радасцю і ў захапленні на сустрэчу са святой Эўхарыстыяй, каб дасведчыць і абвяшчаць іншым праўду слоў, якімі Езус развітаўся са сваімі вучнямі: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).
Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, 22 лютага 2007г., у свята Катэдры св. апостала Пятра, у другі год Нашага Пантыфікату.
BENEDICTUS PP. XVI 







All the contents on this site are copyrighted ©.