2008-05-10 08:58:27

"Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Біскуп Сіповіч марыў напісаць гісторыю друйскіх марыянаў. Дзеля гэтага ён гадамі зьбіраў матар’ялы. Аднак ажыцьцявіць свой намер яму не давялося. Можа й добра, што гэтак здарылася. Найлепшыя гады маладосьці Ўладыкі Чэслава прайшлі ў Друі, i ён быў схільны ідэалізаваць усё, зьвязанае зь ёю. А там, дзе ўваходзяць у гульню асабістыя пачуцьці, цяжка чакаць аб’ектыўнасьці.
Жыцьцяпісы айцоў Андрэя Цікоты (1891–1952) i Фабіяна Абрантовіча (1884–1946), напісаныя Ўладыкам Чэславам, могуць служыць пацьверджаньнем вышэй сказанага. Абодва згаданыя сьвятары – выдатныя асобы, абодва памерлі ў савецкіх турмах, дзе, паводле сьведкаў, паводзілі сябе зь вялікай годнасьцю. Гэта накладае на іхнага біёграфа абавязак пісаць пра ix з павагаю, але тым ня менш праўдзіва.
Жыцьцяпіс Цікоты застаўся ў рукапісе. Затое праца пра Абрантовіча пабачыла сьвет у часопісе Божым шляхам у 1957 годзе166. Вось як яна пачынаецца: «Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч ёсьць вялікім сынам беларускага народу. Ягонае імя ўпісанае залатымі літарамі такжа ў гісторыю Каталіцкай Царквы наагул i Беларускай у асаблівасьці, якой ён аддаў усе свае таленты i ўканцы – сваё жыцьцё». Пасьля такога ўступу можна прабачыць чытачу, калі ён, прачытаўшы ўвесь артыкул, застанецца расчараваным, бо ня ўбачыць, чым гэты чалавек заслужыў такую пахвалу. У сапраўднасьці Абрантовіч – трагічная фігура, зь якой зьвязваліся нязьдзейсьненыя надзеі многіх беларусаў.
Сіповіч бачыў Абрантовіча ў Друі ў 1926–1928 гадох i нават чуў ягоныя казані ў царкве. Вось што ён сам піша пра гэта: «У той час, калі a. Фабіян быў у друйскім манастыры, я хадзіў у друйскую народную школу. Мы, школьнікі, кожную нядзелю павінны былі прысутнічаць на т. зв. вучнёўскай Імшы, каторая адпраўлялася для нас i для гімназістаў. Пасьля трыццаці гадоў я яшчэ помню адно параўнаньне, якое а. Фабіян ужыў у часе свайго казаньня да вучняў, тлумачачы тое, што чалавек не павінен быць пустым i заносьлівым. Ён казаў: “Чаму бочка гудзе? – Бо пустая!”»167 Варта прыгадаць, што згодна з парадкам, устаноўленым а. Цікотам і зацьверджаным біскупам Матулевічам 7 ліпеня 1925 году, казані на нядзельнай вучнёўскай Імшы (як і на г.зв. “суме”, або галоўнай Імшы) былі на польскай мове.) Аднак асабіста яны, бадай, ня ведалі адзін аднаго, бо Абрантовіч пакінуў Друю перад тым, як Сіповіч прыйшоў у ювэнат. Знаёмства адбылося пазьней, магчыма, ў 1934 годзе, калі Абрантовіч прыехаў на кароткі час у Эўропу i завітаў у Друю, або, больш праўдападобна, у 1939 годзе ў Рыме.
Лепей ведаў Сіповіч Цікоту, супэрыёра Друйскага кляштару да 1933 году. Беручы пад увагу розьніцу веку i становішча, гэта было знаёмства “на адлегласьці”, з элемэнтам юнацкага захапленьня сваім героем. Такі настрой адчуваецца ў рукапісным жыцьцяпісе Цікоты, дзе апошні – нягледзячы на спробы аўтара падаць яго як “рыцара без заганы” – выглядае даволі блякла, “безасабова” на фоне агульных падзеяў, якім аддаецца шмат месца.
Зусім іншы характар маюць артыкулы пра любімага настаўніка i выхаваўца, а. Язэпа Германовіча, які навучыў Сіповіча любіць ня толькі Бога, але i Беларусь. У Лёндане y 1960 годзе ролі памяняліся, і ранейшы вучань стаў начальнікам свайго старога настаўніка. Айцец Язэп любіў паўтараць, што сам вінаваты, бо ўзгадаваў сабе на галаву... Характэрна, што два з трох артыкулаў пра айца Язэпа аўтар падпісаў псэўданімамі “Я. Вучань” (г. зн. “Язэпаў вучань”) i “Вучань Вінцука Адважнага”. Толькі трэці – нэкралёг – Уладыка Чэслаў падпісаў сваім прозьвішчам168. Ня менш цёпла пісаў біскуп Сіповіч пра свайго прыяцеля i блізкага супрацоўніка, айца Льва Гарошку, якому па ягонай сьмерці прысьвяціў увесь нумар часопісу Божым шляхам (№ 149, 1978, 40 с.).
У апошнія гады Ўладыку Чэславу прыйшлося пісаць пра многіх прыяцеляў i знаёмых, якія адышлі з гэтага жыцьця. У ix выявілася шчодрасьць ягонага сэрца, што хацела бачыць добрае ў кожным чалавеку.








All the contents on this site are copyrighted ©.